Збітыя і запалоханыя чацвёра маладзёнаў цэлы месяц маўчалі. Толькі цяпер адна з пацярпелых вырашыла ўсё расказаць медыям.
«Я вельмі спадзяюся, што мой зварот у медыі дапаможа зрушыць справу з мёртвай кропкі», – кажа пацярпелая.
Параненая рука жанчыны ўжо цалкам аднавілася, а на галаве яшчэ засталася шышка. З моманту, калі акторку з творчым псеўданімам Святлана Сакалоўская, пабіў працаўнік АМАПу, мінуў амаль месяц. Аднак дагэтуль жанчына не можа звыкнуцца з думкаю, што святкаванне Новага года для яе скончылася струсам мазгоў.
«З гэтым супрацоўнікам АМАПу я ўвогуле не мела ніякіх кантактаў. За што ён мяне ўдарыў, дагэтуль застаецца для мяне загадкай», – даводзіць яна.
Пасля бою курантаў яна разам з сябрамі пайшла да ялінкі ў мікрараёне Чыжоўка. На імпрэзу сілавікі дзяўчат не пусцілі. Маўляў, ім няма чаго там рабіць: канцэрт скончыцца праз 5 хвілінаў. Калі сяброўка пачала абурацца, яе пацягнулі ў аўтобус. Святлане, якая пабегла за імі, спачатку зашчамілі руку дзвярыма транспартавага сродку. Затым, каб не перашкаджала з’ехаць затрыманым, ударылі па галаве.
Аднак пабоі жанчына змагла зняць не адразу. Неабходную пастанову Следчы камітэт выдаў толькі праз 5 дзён. А вынікаў экспертызы на рукі не далі.
«Апухшы палец, вялізная шышка на галаве, у мяне яшчэ тырчалі кавалкі мяса з пальца, праз 5 дзён гэтага не было. Мне проста знялі сінякі, шышку на галаве, якая засталася, з улікам таго, што я піла лекі і прыкладала лёд», – тлумачыць жанчына.
Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, Святлана сутыкнулася з нічым іншым як з прыкладам міліцэйскага гвалту.
У сваёй сітуацыі жанчына дабіцца праўды пакуль не можа. Са Следчага камітэту ёй прыйшоў адказ, што правяранне падоўжылі яшчэ на месяц.
Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum