Аб'ектыў 01.10.2017 Каталуння: прага да незалежнасці ці сепаратызм?


Абноўлена. Улады Каталоніі заявілі пра 761 пацярпелага ў выніку сутыкненняў з паліцыяй.

Рэгіён з самаю моцнаю эканомікаю, з уласнаю моваю і гісторыяй, якая мела перыяды незалежнасці. Ці каталунцы маюць права на незалежнасць альбо гэта сепаратызм, які Мадрыд не можа дазволіць?

Каталунцы прыходзяць на ўчасткі, каб сказаць сваё слова ў самавызначэнні рэгіёну. Іспанскія ўлады кажуць рашучае не з беспрэцэдэнтнаю жорсткасцю, у тым ліку з дапамогаю гумовых куль пабітага шкла.

З барыкадамі выбарчых участкаў і начнымі вартамі – Каталуння без дазволу Мадрыду галасавала ў пытанні незалежнасці. Перашкодзіць плебісцыту спрабавала грамадзянская гвардыя Іспаніі.

Паводле дадзеных каталунскага ўраду, у выніку сутыкненняў паліцыі і прыхільнікаў незалежнасці пацярпелі больш за 460 чалавек.

«Дзядулі і бабулі, дзеці, жанчыны, усе плачуць. Усе пакутуюць і за што? Толькі таму, што хочуць прагаласаваць, хочуць дэмакратыі, хочуць быць звычайнымі людзьмі з правамі», – распавядае дэманстрант.

У хаду пайшлі гумовыя кулі і дручкі. Але нягледзячы на сілавую рэакцыю Мадрыду – выбарцы выстройваліся ў чэргі, каб сказаць сваё «Сі». Прага каталунцаў да самавыяўлення трапіла непасрэдна ў абʼектыў нашага тэлеканалу: журналісты Кацярына Андрэева і Дзяніс Дзюба зараз знаходзяцца ў Барсэлоне.

У размове з «Белсатам» адна жанчына распавяла, што правяла ў чарзе 5,5 гадзінаў – усё, каб прагаласаваць.

У адказ на закрыццё паліцыяй больш як паловы з 2300 участкаў, каталунскі ўрад у апошні момант дазволіў жыхарам аддаць свой голас у любым з дзейных.

«Неапраўданы гвалт, які дэманструе паліцыя паводле загаду іспанскага ўраду, супраць людзей, якія абараняюць урны, бюлетэні і ўчасткі, стварае дакладны і жахлівы вобраз Іспаніі і застанецца ў нашай памяці назаўсёды», – адзначае прэзідэнт Жэнералітэту Каталунні Карлэс Пучдэмон.

Мадрыд жа заклікае зазірнуць у іспанскую канстытуцыю і на рашэнне Канстытуцыйнага суда краіны, паводле якіх ніводны рэгіён не можа абвяшчаць рэферэндум аб незалежнасці.

«Дэмакратыя папросту не змяшчаецца ў паняцці спадара Пучдэмона. Ён ніколі яе не разумеў і ён вырашыў, што ягонае жаданне і ягоныя асабістыя і палітычныя амбіцыі – гэта адзіны закон для Каталунні», – кажа першая намесніца старшыні ўраду Іспаніі Сарая Саэнс дэ Сантамарыя

Рашучае «не» напярэдадні сказалі і шараговыя іспанцы.

«Мы прыйшлі патрабаваць еднасці Іспаніі, абараніць нашую краіну, наш сцяг і сказаць »не« незалежнасці, сепаратызму і таму, што яны робяць у Каталунні, гэта ганьба», – заявіла падчас учорашняй дэманстрацыі ў сталіцы жыхарка Мадрыду.

Эмоцыі іспанцаў – зразумелыя, але і сярод каталунцаў хапае тых, хто не жадае адлучэння. Найбольш поўнае ліпеньскае апытанне даводзіць, што падзел сілаў прыблізна роўны: 49 % супраць, трошку больш за палову – за.

Але сітуацыя змяняецца. Гвалтоўны шлях, абраны прэм’ерам Марʼяно Рахоем, сыграў з ім злы «жарт» – каталунскія ўніяністы, то бок прыхільнікі цэласнасці Іспаніі, шакаваныя жорсткаю тактыкаю Мадрыду, пераходзяць у супрацьлеглы лагер.

«Мы разумеем, што тут ёсць канстытуцыйная праблема, але калі справа датычыць будучыні людзей, гэтыя людзі і мусяць вырашаць, і мы гэта прымаем. Мы не ўпэўненыя, што адказ мусіць быць »так« ці »не«, але вынік мусіць быць, і ён мусіць быць дэмакратычным», – заўважае назіральнік з Шатландыі Джэймз Каўкоўскі.

Паводле дадзеных каталунскага ўраду, яўка на выбары перавысіла 50 %. Калі вынік будзе з большасцю за незалежнасць, абвесціць яе ўрад Каталунні мае ў наступныя 48 гадзінаў. У магчымасць дыялогу паміж Мадрыдам і Барсэлонай пры такім зыходзе ўжо не верыцца.

Таццяна Рэут, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары