Ад сёння праезд у берасцейскіх маршрутках падаражэў адразу на чвэрць – да рубля. Адпаведнае рашэнне апублікавала мясцовае прадпрыемства «Берасцегартранс».
Кіроўцы маршрутак распавядаюць:
«Канцы з канцамі вельмі цяжка зводзяцца. Ці дапаможа гэта – цяжка сказаць. Зноўку ж колькасць пасажыраў зменшыцца, бо розніца паміж аўтобусам і намі практычна ў два разы», – распавядаюць кіроўцы маршрут».
«Калі даражае, то пару дзён плынь пасажыраў ёсць, а затым яна падае. Ну а потым цягам паўгода зноўку падымаецца».
«Нам сказалі падняць, мы і падымаем. Нас жа не пыталі».
Пры гэтым, сцвярджаюць кіроўцы маршрутак, асаблівых прэтэнзіяў у сувязі з падаражаннем праезду пасажыры не выказваюць.
Пасажыры так каментуюць падаражэнне:
«Заробкі невялікія – не хацелася б, каб гэтак даражала. Але ж выбару няма: ехаць жа трэба!»
«А што рабіць? Выйсця няма».
«У нас жа ўсё даражае!»
«За апошнія 22 гады што ў нас у краіне патаннела?»
«Я думаю, што гэта маршрутчыкі змовіліся. Хутка яшчэ і таксісты падымуць цэны. Я думаю, усе перасядуць на тралейбусы і аўтобусы, а потым і на ровары – як у Кітаі! Катайцеся на роварах!»
Кошты на паездку на маршруце экспрэснага злучэння ў горадзе па-над Бугам не змяняліся год. Ад 20-га жніўня 2016-га і да сёння кошт праезду ў маршрутцы ў Берасці складаў 80 капеек.
ІІ, belsat.eu