Камунальшчыкі: «У кватэры цвіль, таму што шмат дыхаеце»


Ходзяць чыноўніцкія камісіі, працуюць камунальныя службы, але нічога не дапамагае. Ужо трэці год жыхары васьмідзесяцікватэрнага дому на вуліцы Фрадкіна ў Віцебску пакутуюць ад цвілі, адпісак чыноўнікаў і няякаснай, на іхнае меркаванне, працы камунальнікаў. Што адбываецца ў практычна новым доме, здадзеным пад канец 2014-га года?

«Глядзіце, усе гэтыя плямы, гэта садраная цвіль – шчоткаю металічнаю, нашыя спадары запэўніваюць, што гэта з-за з‘яўлення кандэнсату, паколькі ў мяне трое дзяцей, шмат дыхаем, шмат размаўляем відаць…»

І падобная сітуацыя ў практычна кожнай вуглавой кватэры дому па вуліцы Фрадкіна ў Віцебску. Людзі пачалі засяляцца ўвесну 2015 году, аднак радасць ад новай кватэры не была доўгай.

«Вось тут цвіль, апрацавалі медзяным купаросам. Сушым усё лета».

Мясцовыя камунальнікі на зварот адгукнуліся неадкладна. Але… Вольга Трухан, жыхарка дому 5-1 па вуліцы Фрадкіна:

«Прыйшлі, падключыліся да нашай разеткі, разбілі кут з вуліцы перфаратарам. Ну і кажуць усё. Рабілі там працу. Разбілі, трошкі засмаравалі. Усе суседзі кажуць – як вы будзеце зімаваць? Я кажу – пэўна прыйдуць і зробяць».

Таццяна Шыдлоўская, жыхарка дому 5-1 па вуліцы Фрадкіна:

«Яны прыходзілі да мяне з будаўнічым фенам і сушылі, бо ў мяне ўсё цякло проста ручаямі. Не маглі засмараваць шпаклёўкай. Ну, яны схітравалі, прыйшлі з будаўнічым фенам, высушылі і беленькім засмаравалі і ўсё. І кажуць – усё, мы вам зрабілі».

Першыя маразы гэтую працу змарнавалі. Ізноў цвіль, ізноў мокрыя сцены. У сярэдзіне верасня гісторыю жыхароў дому нагалосніў партал Тутбай. І праз паўтары тыдні туды рушыла дэлегацыя з больш як двух дзясяткаў чыноўнікаў. Мы здолелі датэлефанавацца да аднаго з іх з міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Юрый Сугак, намеснік кіраўніка ўпраўлення будаўніцтва:

«Распрацаваны план мерапрыемстваў, згодна з якім дадзеныя даручэнні замоўніку, генпадрадчыку, навукова-даследчаму інстытуту, па вынікам гэтага плана мерапрыемстваў да першага снежня, будуць прынятыя захады па выдаленню прычынаў з’яўлення сырасці».

Якія гэта будуць мерапрыемствы і захады – чыноўнік патлумачыць адмовіўся, як не пажадаў пракаментаваць і сітуацыю ў самым доме. Маўляў, хай адмыслоўцы правядуць той комплекс мерапрыемстваў – тады і паведамім. Жыхароў абяцанкі насцярожваюць: гэтак працаўнікі аддзелу якасці Віцебскага домабудаўнічага камбінату падзяліліся з імі сваім разуменнем… якасці.

Юлія Данілевіч, жыхарка дому 5-1 па вуліцы Фрадкіна:

«Шпалеры адвальваюцца ад сценаў, цвіль, грыбок, вада – вокны льюцца ўвесь час. І яны кажуць, што гэта нармальна – кажуць, гэта вокны, якія «плачуць» і гэта норма. Дзе такая норма прапісаная, я яшчэ не бачыла такой літаратуры, дзе было б напісана, што пяцісантыметровая наледзь – норма».

Нават калі Мінархітэктуры і будаўніцтва сапраўды прадставіць комплекс захадаў, якія вырашаць праблему, якую не маглі развязаць цагам амаль трох гадоў, то да першага снежня жыхарам давядзецца самім змагацца з цвіллю.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu