Камуналка зноў падаражэе


Цягам чатырох месяцаў камуналка падаражэе ажно двойчы. Гэтым разам павышэнне тарыфаў улады тлумачаць тым, што беларусы, маўляў, усё больш зарабляюць.

«Дадзеная індэксацыя, дадзены рост абумоўлены ростам даходам насельніцтва, як гэта абумоўлена дзейсным заканадаўствам і той практыкай, якая склалася на працягу мінулых гадоў», – заявіў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец.

На сённяшні дзень сярэднестатыстычная сям’я з трох чалавек плоціць за двухпакаёвую кватэру да 79 рублёў за камунальныя паслугі. І, калі чыноўнікі рэалізуюць абяцанне пра падвышэнне коштаў, то ўжо з верасня сярэдняя цана паслугаў вырасце яшчэ на 8 %, а ў снежні на 10 %. А паводле некаторых пазіцыяў кошт не проста падвысіцца, а, як кажуць, «узляціць».

Напрыклад, тарыф па каналізацыі вырасце на 48,5 %, кошт халоднай вады вырасце на 27,7 %, вываз смецця – на 19 %.

«Няхай павышаюць заробак. Хай паспрабуюць самі пажыць у такіх умовах, якія самі ствараюць», – кажа мянчанка ў адказ на «новаўвядзенне».

Іншая жыхарка сталіцы адзначае:

«Неадэкватна. Гэта атрымліваецца я буду плаціць поўнасцю пенсію за камуналку».

Другі год запар у Беларусі назіраецца падзенне рэальных даходаў насельніцтва. Аплата камунальных паслугаў усё больш абцяжарвае бюджэт беларускіх сем’яў. Аднак, паводле незалежных эканамістаў, праблема не толькі ў тым, што заробкі не паспяваюць за ростам коштаў, але і ў тым, што не да канца зразумела, якім чынам дзяржава вылічвае тыя ці іншыя тарыфы ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі – адным словам, камунальная сфера абсалютна не празрыстая. Пра гэта неаднаразова казаў і кіраўнік Беларусі.

Такое свавольнае налічэнне тарыфаў – вынік манаполіі дзяржавы ў галіне ЖКГ, цвердзяць адмыслоўцы.

«Рынку жылля ў нас фактычна няма, таму няма і паўнавартаснага рынку камунальных паслуг. У нас няма альтэрнатывы, гэта натуральная манаполія: электрычнасць можна браць толькі ад аднаго энергазбыту, газ толькі ад «Белтрансгазу». Выбару няма – у гэтым праблема, а не ў тым, што павышаюць і паніжаюць», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Без адпаведных рэформаў у камунальнай галіне ды без рынкавых адносінаў ніводнае падвышэнне коштаў не прывядзе да большага парадку ў ЖКГ і тым больш да станоўчага эфекту для самых грамадзянаў.

«З 2012 года кожны год на 30 % павышаецца камунальны тарыф. У мінулым годзе самае дарагое – гэта было тэхнічнае абслугоўванне будынку – 60 % росту. Таму пытанне ўзнікае: а чаму так? У нас гэта рукатворная дзейнасць, таму цяжка казаць пра рынкавую сітуацыю ў гэтай сферы наагул», – працягвае Леанід Заіка.

У такой сітуацыі і пераход на аплату паводле сабекошту камунальных паслугаў ужо з першага студзеня 2018 года, як абяцаюць чыноўнікі, выклікаў абурэнне людзей. І не толькі таму, што шмат плаціць, але і таму, што беларусы не разумеюць «за што плацім?»

Наста Ільіна, belsat.eu