Аб'ектыў 29.10.2017 «Камандзір, а чый Крым?». Сустрэча з Аляксандрам Сакуравым адбылася негледзячы на правакатараў


«Камандзір, а чый Крым?». «Ваш, ваш. Супакойцеся, ён ваш». Гэтак Аляксандр Сакураў вымушаны быў адбівацца ад правакатараў, якія спрабавалі сарваць сустрэчу ў інтэлектуальным клубе нобэлеўскай лаўрэаткі. Нягледзячы на нечаканыя перашкоды, сустрэча расейскага рэжысёра з сусветным імем, фільмы якога намінаваліся на шматлікія міжнародныя ўзнагароды, – адбылася.

«Я лічу, што Сакураў – гэта самы вялікі расейскі рэжысёр сёння. Колькі я жыла за мяжой і магу сказаць, калі казаць пра расейскага рэжысёра заўсёды першым радком ідзе Сакураў. Гэта вялікі рэжысёр і тое што ён іранізуе над сабою – гэта сіла вялікага рэжысёра», – кажа Святлана Алексіевіч.

Сакураў вядомы не толькі сваім рэжысёрскім талентам, але і тым, што адкрыта выступае супраць анексіі Крыму, на сустрэчы з Пуціным ён не пабаяўся прасіць вызвалення арыштаванага ў Крыме ўкраінскага кінарэжысёра Алега Сянцова.

«І мы рускія людзі вельмі часта з’яўляемся саўдзельнікамі памылак, якія робіць дзяржава».

Як сцвярджае сам творца, у сучаснага расейскага грамадства няма сілы прызнаць свае памылкі, а людзей, якія задаюцца гэтымі пытаннямі, заўсёды мала.

«Улады абавязаныя слухаць грамадзянаў, бо яны вышэйшыя за прэзідэнта, вышэйшыя за дзяржаву. Грамадзянін – гэта самае галоўнае, што ёсць у народу», – кажа Сакураў.

Ці задаволеныя слухачы творчай імпрэзай?

«Незвычайны талант і ў тым, што кажа. У яго выдатнае сэрца».

«Ён сам сябе супярэчыў. Калі ён казаў пра сваю працу як рэжысёра нейкая разгубленасць».

«Цікавы рэжысёр, цікава адказваў на пытанні, глыбока адказваў».

Святлана Алексіевіч перакананая, што такія сустрэчы дапамагаюць выйсці з інтэлектуальнай ізаляванасці, бачыць шырэй тое, што адбываецца навокал.

«Каб не паглыбляцца ў правінцыйнасць. Хочацца, каб нашая эліта і ўвогуле людзі пабачылі чым жыве свет, чым жывуць такога ўзроўню людзі. Каб гэта дапамагала людзям, бо сёння час такой самоты і адчаю. Мы аказаліся не там, дзе хацелі», – адзначае Святлана Алексіевіч.

Не там, дзе хацелі – з’ява часовая, бо, як сказаў Сакураў, – беларусы, адзіны народ, які ён бачыць, што «хоць заўтра гатовы стаць чальцом Еўрапейскага Звязу».

 

Наста Ільіна, «Белсат». Фота – Вячаслаў Пракоф’еў /ТАСС

Глядзі таксама
Каментары