«Калі я забываю беларускую мову, я чытаю Караткевіча». 35 гадоў без пісьменніка


Пісьменнік, дзякуючы якому беларусы палюбілі і захапіліся сваёй гісторыяй. Уладзімір Караткевіч у сваіх творах падаваў яе ў жанры містычнага дэтэктыву. Сёння мінула 35 гадоў, як не стала класіка.

Тыя, хто ведаў Уладзіміра Караткевіча асабіста, згадваюць яго жыццярадасным і шумным, вельмі ўпартым у спрэчках і педантычным у творчасці. Пісьменнік Адам Глобус у дзяцінстве жыў з Караткевічам у адным доме на вуліцы Чарнышэўскага:

«Я быў маленькім хлопчыкам. І для мяне дзядзя Валодзя – гэта малады чалавек, вельмі вясёлы, светлы, які вельмі любіў сваю маму».

Пісанне для Караткевіча было сапраўдным рытуалам – за стол ён сядаў у белай кашулі, пры гальштуку, збіраў добрую паперу і асадкі ды за дзень мог напісаць 20 старонак.

«Хочацца данесці такую простую і важную рэч: Караткевіча для сябе як вялікага пісьменніка выбраў беларускі народ. Нам яго не прызначылі, мы яго самі выбралі, мы яго самі любім», – кажа пісьменнік Адам Глобус.

Налета літаратурная супольнасць будзе святкаваць 90-годдзе пісьменніка. Да юбілею выдавецтва «БелЭН» рыхтуе энцыклапедыю Уладзіміра Караткевіча.

«Аднатомнае выданне, багата ілюстраванае. Закранаем тэмы жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча, разглядаем асноўныя яго творы – гэта ў першую чаргу раманы, аповесці, эсэ», – распавядае Вольга Давідовіч, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя».

Выданне пабачыць свет ужо напрыканцы гэтага года. Вольга Давідовіч, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя»:

«Для нас усіх, беларусаў, гэта вельмі важная асоба. Напрыклад, за апошнія паўгода кнігі Уладзіміра Караткевіча былі на першым месцы па продажах у нас у рэспубліцы ў крамах «Белкнігі».

А мы паспрабавалі знайсці чытачоў Караткевіча на вуліцах Менску:

«Караткевіча, канечне, ведаю, а што пісаў – ужо ўсё вылецела з галавы».

«Гэта мой любімы пісьменнік, я прачытала ўсе ягоныя творы, абажаю Караткевіча. «Ладдзя Роспачы» – мабыць, самае любімае. Вельмі Гервасій Выліваха падабаецца, тыповы беларус, абажаю яго проста».

«Чорны замак Альшанскі», там як бы містыка ёсць у гэтым творы».

«Дзікае паляванне караля Птаха», нешта такое было. Але па змесце нічога не магу сказаць».

«Я не толькі ведаю, а нават здымала паводле казкі Караткевіча анімацыйны фільм «Вясна ўвосень». Мой любімы пісьменнік. Калі я забываю беларускую мову, я чытаю Караткевіча».

У кожнага – свой Караткевіч. Можна зачытвацца раманамі, любіць паэзію ці казкі. Пісьменнік жа галоўным сваім творам лічыў «Каласы пад сярпом тваім» і марыў напісаць працяг – пра Кастуся Каліноўскага. Нават хадзілі легенды, быццам існаваў рукапіс, які быў страчаны.

Аляксандра Дорская, belsat.eu