Аб'ектыў 18.07.2018 Калі Беларусь перастане заліваць?


266 населеных пунктаў у Беларусі засталіся без электрычнасці праз учорашні вецер і дождж. Ліквідацыя наступстваў непагадзі працягвалася і сёння. Ці перастане нас заліваць?

Ужо традыцыйна Беларусь у сярэдзіне ліпеня залівае. У выніку ўчорашняе непагадзі ў Менску шпіталізавалі дваіх параненых – на іх зваліўся часовы гандлёвы павільён. Ратавальнікі паведамляюць, што праз моцны вецер пацярпелі тры населеныя пункты на Маладзечаншчыне, па ўсёй Беларусі паваліліся паўсотні дрэваў, у тым ліку на аўтамабілі.

У Менску ў выніку залевы падтапіла не толькі вуліцы і дарогі – на нядаўна адкрытай пасля рэканструкцыі Рэвалюцыйнай вада зноў заліла памяшканні, адпампоўкай займаліся ратавальнікі. Дырэктар камунальнага прадпрыемства «Менская спадчына» Аляксандар Кохан між тым лічыць, што рэканструкцыю правялі правільна:

«Не, праблем з праектам не было. Змяніўся рэльеф мясцовасці, тут стала самая нізкая кропка, таму дадатковымі мерапрыемствамі кампенсуючымі мы ваду адсюль адвядзем».

Наведнікі ж установаў на новаарэканструяванай вуліцы трапляюць у водныя пасткі.

Камунальнікі абяцаюць выправіць сітуацыю на Рэавлюцыйнай цягам некалькіх тыдняў. Таму прынамсі некалькі разоў вуліцу яшчэ мае заліць, бо зменаў у надвор’і ў бліжэйшыя дні сіноптыкі не прадказваюць.

«Вінаваты ў такім надворʼі цыклон, што кружыць над паўночным усходам Украіны і пастаўляе нам цёплае вільготнае паветра чарнаморскага паходжання. Да канца працоўнага тыдня дакладна істотных зменаў не чакаецца, толькі ў нядзелю ў заходніх раёнах надворʼе палепшыцца, а дажджы будуць ва ўсходняй частцы краіны», – распавяла «Белсату» Святлана Рыбакова са службы метэапрагнозаў.

Сіноптык адзначыла, што сёлетняя ліпеньская тэмпература адпавядае шматгадовым назіранням, а вось колькасць ападкаў у шэрагу раёнаў Беларусі ўжо перакрочыла месячную норму, а ў Берасці выпала ажно дзве месячных нормы дажджу.

Заўтра ў Беларусі зноў чакаюцца навальніцы, залевы і град, шквалістае ўзмацненне ветру да 15-20-ці метраў за секунду. І да 29 градусаў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа МНС Беларусі

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары