У Беларусі завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, а значыцца пачаўся этап агітацыі, які будзе доўжыцца месяц. Першы перадвыбарчы пікет адбыўся каля Камароўскага рынку сталіцы. Але для шэрагу апазіцыйных прэтэндэнтаў гэты дзень стаў апошнім у выбарчай кампаніі.
Правацэнтрысцкая кааліцыя не губляла часу і падвяла вынікі першага этапу выбарчай кампаніі ў выглядзе пікету.
Паводле стану на 15:30, на рахунку АГП – 27 зарэгістраваных кандыдатаў і адна адмова ў рэгістрацыі. Яшчэ прынамсі 5 адмоваў атрымалі сябры руху «За свабоду». У іх ліку кіраўнік ініцыятывы «Экаград» Віктар Янчурэвіч. Яму адмовілі праз недакладнасці ў падпісных аркушах.
«Упэўнены, што тая масавая нерэгістрацыя кандыдатаў па Менску якраз з’яўляецца праяўленнем слабасці ўлады, таму што яны пабаяліся дастаткова моцных кандыдатаў, якія б маглі пазмагацца за галасы выбарцаў», – упэўнены Віктар.
Выбарчая камісія адмовіла яшчэ аднаму актывісту Руху «За Свабоду» ў рэгістрацыі праз трохпакаёўку ў Менску, якую той нібыта не ўзгадаў у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці.
«Мне прыпісалі 3-пакаёвую кватэру па вуліцы на вуліцы Матусевіча памер 18,2 метры. Дзе вы бачылі кватэру памерам 18,2 метры, я ўявіць не магу. То бок адразу з дакументу аб адмове ў рэгістрацыі відаць, што дапушчаная памылка. Вядома, што ў мяне ніякай кватэры няма», – тлумачыць Мікіта.
Са словаў сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, не прапусцілі самых актыўных – у прыватнасці прадстаўнікоў ініцыятывы «Матчын рух 328», які выступае за рэформу судовае сістэмы.
Пакуль гэта толькі папярэднія вынікі. Адмову ў рэгістрацыі можна абскардзіць цягам трох дзён. Згодна з ацэнкаю экспертаў, гэтая выбарчая кампанія мала чым адрозніваецца ад ранейшых.
«Апазіцыю ў выбарчыя камісіі практычна не дапусцілі, як звычайна. Другі момант – выбары мала цікавыя. Мала цікавыя ўладзе, мала цікавыя насельніцтву, мала цікавыя нават апазіцыі», – распавёў пра маркотныя асаблівасці палітычнага сезону палітолаг Валер Карбалевіч.
Паводле інфармацыі ЦВК, іхная колькасць зменшылася больш як на 1000 асобаў у параўнанні з мінулымі выбарамі ў мясцовыя саветы. Паводле назіральнікаў, не варта чакаць і высокай яўкі ў дзень галасавання.
«Мясцовыя саветы ў Беларусі рэальнай улады не маюць. Па-другое, напэўна, большасць насельніцтва разумее, што выбараў у Беларусі рэальных няма», – падсумаваў спадар Карбалевіч.
Тым не менш кампанія працягваецца. Агітаваць дазваляюць адразу пасля рэгістрацыі. Гэты этап кампаніі завершыцца за дзень да выбараў, якія адбудуцца 18-га лютага.
Канчатковы спіс кандыдатаў стане вядомы цягам некалькіх дзён.
Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum