Каб пачаць выпуск прылады, якая ладуе смартфоны ад цела беларус сабраў $ 70 000


19-гадовы студэнт БНТУ Міхаіл Вага распрацаваў ладавальную прыладу для мабільнага тэлефона, якая выкарыстоўвае энергію чалавечага цела. Дастаткова будзе проста круціць рукой, каб зарадзіць свой мабільнік.

«З кожным годам мабільныя ўсё круцей і круцей, аднак батарэі не ўтрацілі здольнасці разраджацца. Таму існуе такая прылада, як мабільная зарадка. Аднак універсальнага рашэння на рынку, каб узяць мабільную прыладу ды падзарадзіць любы тэлефон, няма», – тлумачыць Міхаіл Вага.

Мабільная прылада, якая формаю нагадвае яйка і змяшчае ўнутры гіраскоп, што назапашвае энергію, атрымала назву «HandEnergy». Распрацоўванне самога гэджэту заняло ў Міхаіла больш за год. Хлопец-вынаходнік кажа, што прылада будзе ідэальнай для тых, хто бавіць шмат часу далёка ад традыцыйных крыніцаў энергіі ды не мае іншай магчымасці наладаваць смартфон ці таблет.

Каб запусціць свой стартап, хлопец распачаў збор грошай праз электронную міжнародную краўдфандынгавую пляцоўку «Кікстартэр». Ды нават сабраў больш, чымся было неабходна для запуску праекту: замест 50-ці тысяч еўраў – 71-ну. Хлопец абʼехаў шмат якія еўрапейскія гарады, дзе прэзентаваў сваю прыладу, ды зняў шэраг відэаролікаў.

І гэты прыклад – не адзіны ў скарбонцы тэхнічных вынаходак нашых суайчыннікаў. Гэтак, распрацаваны беларусамі Арцёмам Ставенкам і Кірылам Чекіюком дэвайс «Кino-Mo», які дазваляе бачыць карцінкі ў паветры з 3D ілюзіяй, трапіў у дзясятку найлепшых распрацовак свету паводле версіі выдання «USA TODAY». Вынаходніцтва ж Міхаіла Вагі ўжо адзначыла нават брытанскае выданне «Daily Telegraph».

«Усе ж такі Міхаіл быў адзін з першых, хто прыдумаў менавіта гэджэт. Нейкую прыладу, якая фізічна існавала. Бо беларусы славяцца з большага сваім праграмным забеспячэннем, нейкімі гульнямі». – распавядае Кірыл Смяглікаў, журналіст «Белсату» і стваральнік праграмы «Дэвайс».

Аднымі з першых уладальнікаў «HandEnergy» ужо праз некалькі месяцаў стануць тыя, хто ахвяраваў свае грошы ў гэты праект. Беларускі вынаходнік спадзяецца, што прылада будзе запатрабаваная ў шмат якіх краінах свету. Дзе ж будуць вырабляць сам дэвайс – у Кітаі ці ў Беларусі, хлопец пакуль не вызначыўся, бо ўсё залежыць ад сабекошту прадукту. У раздробным гандлі «HandEnergy» можна будзе купіць ужо ўвесну прыкладна за 99 еўраў.

Віталь Бабін, «Белсат»