Аб'ектыў 14.09.2018 Іржавая вада і ледзь цёплыя батарэі – па еўрапейскіх цэнах


У пяць разоў – настолькі ў будучым годзе вырастуць аплаты за цеплазабеспячэнне. Такая мэта ставіцца ў Антыінфляцыйным плане, распрацаваным урадам і Нацбанкам Беларусі. Як такое падаражэнне выглядае ў грашовым выражэнні і якую камуналку праз год будуць плаціць беларусы?

У пяць разоў – настолькі ў вырастуць аплаты за цеплазабеспячэнне ў наступным годзе. Такую мэту ставяць у Антыінфляцыйным плане, распрацаваным урадам і Нацыянальным банкам Беларусі. Як такое падаражэнне выглядае ў грашовым выражэнні, і якую камуналку праз год будуць сплочваць беларусы?

«Калі верыць Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі – мы ўжо аплочваем 100 адсоткаў коштаў вады, газу і электрычнасці. Але ацяпленне субсідуецца ажно на 80 адсоткаў. Крыху больш як праз год да ста адсоткаў сабекошту плануюць падняць і гэтыя аплаты. Так што цяпло давядзецца эканоміць».

Сям‘я, якая жыве ў менскай двухпакаёўцы, узімку ў сярэднім спажывае на ацяпленне адну цэлую тры дзясятыя гігакалорыі за месяц і плоціць за гэта 22 рублі. Крыху больш як праз год яна будзе плаціць ужо 110 рублёў. У выніку агульная сума камунальных плацяжоў вырасце ўдвая – прыкладна да 160-170 рублёў. Аднак большасць беларусаў проста не гатовыя плаціць за камуналку такія грошы, кажуць у Берасці:

«У пяць разоў – гэта занадта!» «Я мяркую, што гэта задорага – у параўнанні з заробкамі». «Ну, напэўна, заробкі павысяцца і пенсіі павысяцца да гэтага моманту». «Гэта вельмі стратна з нашымі заробкамі невялікімі. Я не ведаю, людзі напэўна будуць абурацца!»

Праз крызіс на расейскім рынку скарачаюцца даходы беларускага бюджэту, таму ўрад і пастанавіў падняць камуналку. Каментуе эканаміст Леанід Заіка:

«Малая адкрытая эканоміка не вытрымлівае вонкавых шокаў. Расейскі рубель цяпер падае. Беларусь вымушаная дэвальваваць свой рубель адсоткаў на сем. Ну, і тут узнікла апраўданне, што трэба павышаць унутраныя цэны на камунальныя паслугі».

Павышэнне тарыфаў наблізіць камунальныя плацяжы да сумаў, якія плоцяць у краінах-суседках. Праўда, ЖКГ у Беларусі – у руках дзяржаўных манапалістаў, таму высветліць сапраўдны сабекошт тых ці іншых паслуг немагчыма. У дадатак, цэны могуць быць завышанымі ў выніку карупцыйных схемаў. Адну з іх летась у Берасці раскрыў эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік:

«З некаторымі блізкімі да ўладаў прыватнікамі заключаліся кантракты на прыборку пад’ездаў жылых дамоў па вельмі нізкіх коштах. А потым, пасля завяршэння афіцыйнай працэдуры закупкі, з імі заключаліся дадатковыя пагадненні, дзе цана павялічвалася ў сто разоў».

Планаванае падаражэнне «жыровак» наўрад ці прывядзе да павышэння якасці камунальнага абслугоўвання, адзначаюць эксперты. Прычына – ва ўсё той жа манаполіі дзяржаўных прадпрыемстваў і адсутнасці канкурэнцыі.

«Тыя грошы, якія мы аддаем, – гэта проста падарунак жыллёвым кампаніям, водазбыту, пастаўшчыкам. Усе кошты, якія яны пішуць, атрымліваюцца ў выніку лабіявання ва ўрадзе» – дадае эканаміст Леанід Заіка.

Зрэшты, эксперты не прагназуюць, што ўлады насамрэч наважацца павысіць камуналку ўдвая цягам толькі аднаго года. Такі крок можа выклікаць сацыяльныя пратэсты. Таму, хутчэй за ўсё, грошы на падтрыманне неэфектыўных прадпрыемстваў знойдуць іншым шляхам. Эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч тлумачыць:

«Праз паборы, падаткі, высмоктванне рэсурсаў з эканомікі, што ў выніку прыводзіць да змяншэння нашых заробкаў і магчымасцяў знайсці сабе працу».

Каб атрымаць якасныя камунальныя паслугі за адэкватныя грошы, неабходна пусціць у сектар ЖКГ прыватнікаў і стварыць канкурэнцыю, падкрэсліваюць эксперты. Рабіць гэтага ўлады пакуль не збіраюцца. Таму беларусаў, хутчэй за ўсё, чакаюць прывычныя адключэнні гарачай вады, вогненныя або ледзьве цёплыя батарэі ды іржавая вада з кранаў, але за кошты, набліжаныя да еўрапейскіх.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары