Ірына Слаўнікава: з 9 жніўня журналісты «Белсату» адбылі 135 содняў арышту


Учора сустракалі затрыманых калегаў – сёння атрымалі содні арышту самі. У судзе Маскоўскага раёну Менску пакаралі за працу без акрэдытацыі ды непадпарадкаванне міліцыянтам журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам» – Дзяніса Ганчарэнку і Алеся Любенчука.

«Я ў такім шоку! Ён ніколі мухі не пакрыўдзіў, а яму – непадпарадкаванне. Я не разумею, каму ён не падпарадкаваўся», – абураецца маці Дзяніса Ганчарэнкі Галіна.

Суддзя Таццяна Мотыль прысудзіла абодвум па 12 содняў арышту і 810 рублёў штрафу, не звярнуўшы ўвагі на тое, што сведка – працаўнік Маскоўскага РАУС Уладзімір Данчанка – блытаўся ў тлумачэннях.

«Ён хлусіў пра тое, што Алесь і Дзяніс супраціўляліся. У рапарце напісана, што Алесь упіраўся нагамі, на судзе ён казаў, што Дзяніс упіраўся нагамі, і ён адзін іх выцягнуў, яму не дапамагалі супрацоўнікі АМАПу», – распавядае Брат Аляксандра Любенчука Віталь.

На Акрэсціна журналісты меліся сустракаць пасля 11-дзённага арышту фотажурналістаў Аляксандра Васюковіча і Уладзя Грыдзіна, якіх асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, то бок здымкі падчас акцыі 13 верасня. Справу пры гэтым дапрацоўвалі, а пратакол цалкам перараблялі. Аляксандр Васюковіч схіляецца да таго, каб прысуд абскардзіць:

«Хаця б проста таму, што я лічу гэты прысуд несправядлівым абсалютна».

Пасля вынясення рашэння фотакарэспандэнтам шэраг беларускіх незалежных медыяў выставілі на сваіх сайтах публікацыі без фотаздымкаў. Сёння ж – новая журналісцкая акцыя салідарнасці: на галоўных старонках сайтаў – фота Ягора Марціновіча. Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» затрымалі па падазрэнні ў паклёпе, гэта крымінальны артыкул, пры гэтым на панядзелак яго зноў выклікаюць у суд паводле адміністратыўнай справы.

15 соднямі арышту пакараны ў судзе Заводскага раёну аператар Павел Патапаў, які напярэдадні здымаў акцыю ў сталіцы. Працягваюцца працэсы над журналістамі і па-за сталіцаю. 7 содняў арышту атрымаў галоўны рэдактар сайту «Магілёўскі рэгіён» Зміцер Салаўёў.

«Яго судзілі па запісе, які вёў нейкі невядомы чалавек, я падазраю, што супрацоўнік УУС. На ім Дзіма стаіць з камерай і здымае без лозунгаў, без сімволікі, з бэйджам «прэса», – распавядае жонка Змітра Салаўёва Надзея.

Не зважаючы на адсутнасць доказаў, суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Алена Літвіна прызнала журналіста вінаватым у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі лічыць, што ўлада мэтанакіравана змагаецца з журналістамі:

«Грамадства вельмі хоча ведаць праўду, ёсць вялізны попыт на незалежную журналістыку і непадцэнзурную інфармацыю, гэта тая інфармацыя, якая абуджае ў людзей пачуцці, адкрывае людзям вочы, і ўлада гэта добра разумее».

Паводле падлікаў БАЖу, пачынаючы з 9 жніўня ў Беларусі былі затрыманыя 194 журналісты, 58 з іх зазналі гвалт падчас затрымання ды арышту. Найбольш у гэтай статыстыцы журналістаў «Белсату», падкрэслівае прадстаўніца тэлеканалу ў Беларусі Ірына Слаўнікава.

«Нашыя журналісты 14 разоў былі змешчаныя пад адміністратыўны арышт. Агульная колькасць содняў – 135 содняў нашыя журналісты адседзелі. Сумны рэкардсмен – наш калега з Гомля Яўген Меркіс, якому агулам прысудзілі 35 содняў арышту».

З 9 жніўня нашых журналістаў аштрафавалі на агульную суму каля дзесяці тысячаў рублёў, а чацвёра з іх на цяперашні момант застаюцца за кратамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»