Аб'ектыў 25.04.2017 ІПэшніку пагражае турма за падабайкі супраць Лукашэнкі


Першым пра крымінальную справу з відавочна палітычным падтэкстам, узбуджаную супраць палачаніна Генадзя Бердзенева, паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Паводле Севярынца, гэтак улады намагаюцца нейтралізаваць мясцовага лідара прадпрымальнікаў перад акцыяй пратэсту 1-га траўня.

«Што тычыць Генадзя Бердзенева, то гэта адзін з найбольш актыўных арганізатараў масавых пратэстаў у Полацку і Наваполацку. Гэта прадпрымальнік, які мае ўплыў і які збірае дзясяткі і часам нават сотні прадпрымальнікаў для акцыяў пратэсту і маршаў пратэсту. Яго неаднойчы затрымлівалі на выездзе з Полацку ў Менск на вялікія акцыі пратэсту кшталту Дня Волі і Чарнобыльскага Шляху», – распавёў «Белсату» палітык.

Следчы камітэт пільнуе «Аднакласнікі»

Напярэдадні ў часе ператрусу следчыя канфіскавалі ў Бердзенева планшэт, каб даследаваць актыўнасць прадпрымальніка ў сацыяльных сетках. Менавіта ягоныя падабайкі пад крытычнымі да Лукашэнкі публікацыямі і сталіся нагодаю для ўзбуджэння справы па абразе кіраўніка дзяржавы. А заадно і па абразе яшчэ аднаго прадпрымальніка, з якім Бердзенеў пасварыўся ў Інтэрнэце.

«Я ў «Аднакласніках» даў, што вось іду ў Следчы камітэт, так і так. А гэты Сяргей Кавалёў пачаў гаварыць, што я «стучу», маўляў, на допыце пяяў адно і працую з мянтамі. Ну а я ў адказ напісаў, што ёсць такі Сяргей Кавалёў, стаіць на Наваполацкім рынку і «барабаніць» для мянтоў. Ну і груба напісаў, што ён – мянтоўскі дупаліз», – тлумачыць прадпрымальнік.

Усе роўныя, але ёсць больш роўныя

Паводле ж айчыннага заканадаўства, абраза простага грамадзяніна караецца менш жорстка і звычайна абмяжоўваецца адміністрацыйным пакараннем. А вось, скажам, за непрыемныя выказванні ў бок Лукашэнкі абвінавачанаму свеціць нават некалькі гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Пачобут: «Вынік вядомы»

Зрэшты, тыя, хто гэтым дышлам варочае, наўрад ці чуюць суграмадзянаў. Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, неаднойчы судзімы за абразу Лукашэнкі, падкрэслівае: усе крымінальныя справы паводле гэтага артыкулу ў нашай краіне завяршаюцца аднолькава.

«Гэта такі артыкул, што вынік па ім вядомы. Я не ведаю аніводнага суддзі ў Беларусі, які б наважыўся, калі высунутае абвінавачванне ў тым, што нехта зняважыў ці навёў паклёп на Аляксандра Лукашэнку, каб такога чалавека абаранілі – і тут заўжды гульня ідзе ў адныя вароты», – упэўнены Андрэй.

Вось толькі чаго можа каштаваць гэтая гульня Генадзю Бердзеневу і чаго – Лукашэнку, які пра полацкага прадпрымальніка наўрад ці нават чуў?

Валер Руселік, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары