Вяскоўцы на знак пратэсту выкідаюць трускаўкі


Небывалы ўраджай трускавак. Але сотні кілаграм спелых ягад аказаліся не на нашых сталах, а ў сметніку. На Лунінеччыне склалася такая сітуацыя, што вяскоўцам лягчэй выкінуць ягады, чым здаваць яе за капейкі скупшчыкам. Што адбываецца, і ці можна змяніць сітуацыю?

Спелыя, сакавітыя, салодкія! Самы час каштаваць духмяныя трускаўкі!

«Клубніцы вельмі смачныя, асабліва ў гэты час!»

«Любім так есці, але і марозім, кампоты робім. Гэта ж самая цяпер ягада папулярная».

«Клубніцы вельмі-вельмі люблю. Смачная ягада, карысная, для здароўя вельмі добрая», – дзеляцца жыхары Віцебску.

Але шлях цудоўных ягад да нашага стала не просты: іх трэба вырасціць і сабраць, як цяпер, у нязноснай гарачыні, а пасля прывезці на рынак ды пад спякотным сонцам адстаяць у чарзе, каб здаць скупшчыкам. Апошнія ахвотна набываюць, але прапаноўваюць надзвычай НІЗКІ кошт. Вяскоўцы кажуць:

«Людзі працуюць увесь год, каб атрымаць у гэты месяц нейкія грошы, нейкі прыбытак на сваіх надзелах, а атрымліваецца, што па 20 капеек здае. І то па 20 капеек я асабіста стаяла здаць 2 вядры 4 гадзіны ў гэтай чарзе».

«Па 20 капеек. Ці гэта рэальна? Што можна купіць, здаўшы па 20 капеек? Чаму кошты растуць, а кошт нашых трускавак ужо 5 гадоў не мяняецца?»

«Пакутуем на гэтай зямлі, а прыбытку ніякага няма. А ў бочцы па 21-ой капейцы. Што гэта кошт за 21 капейку?».

А тым часам пакупнікам на рынку салодкая ягада абыходзіцца ў разы даражэй:

«Пяць рублёў плоцяць: а так я за 2 узяла. Пенсіянерам… а калі і па 5 бяру».

«Клубніцы ў гэты момант вельмі дарагія – па 5 рублёў кілаграм – вельмі дорага», – распавядаюць жыхары Віцебску.

Гэтак, за віцебскія ягады гандляры просяць 5 рублёў, палескія можна знайсці за 2, што і так у 10 разоў даражэй, чым кошт іх закупкі. Скупшчык трускаўкі, вёска Дварэц Лунінецкага раёну:

«Шмат тавару. Што скардзіцца? Людзям добра, нам добра».

Скупшчыкі могуць набыць абмежаваную колькасць трускавак, якія хутка псуюцца, а дзяржава не паклапацілася, каб павялічыць закупы дзеля продажу або перапрацоўкі ягад. Эканаміст Міхал Залескі кажа:

«У цывілізаваных краінах такога кшталту прадукцыя, якая хутка псуецца, яна павінная прадавацца паводле кантракту, падпісанага яшчэ ўвесну: я паабяцаў тону клубніцаў па рублі – я яе прадам, бо ён мусіць узяць па гэтым кошце».

Паправіць сітуацыю можна было б і цяпер, лічаць вяскоўцы:

«Каб было больш машын дзяржаўных, каб больш бочак, скрыняў дзяржаўных, каб не было паўднёвікаў-перакупшчыкаў: яны зніжаюць кошт да мінімуму».

«Я не разумею, куды глядзіць наш урад. Яны кажуць, што нешта правяраюць, а я скажу, што ніхто нічога не кантралюе. Нейкая мафія запраўляе, а мы як рабы, сапраўдныя рабы».

Мясцовыя ўлады проста не звяртаюць увагі на праблемы вяскоўцаў, лічыць эканаміст Міхал Залескі:

«Яны павінныя кожны гэты выпадак разглядаць як нагоду для заканадаўчай ініцыятывы, для развіцця кааператываў, для развіцця перапрацоўчай вытворчасці, для рэгулявання закупаў, яны павінныя гэтым займацца, яны павінныя спрыяць!»

Няма ні спрыяння, ні дапамогі. На знак пратэсту вяскоўцы папросту… выкідалі трускаўкі:

«Так, выкідаем».

«Так, калі няма машын, я бачыла, што людзі выкідалі».

«Выкідаем, самі пад забор».

«У мяне ўдома стаіць 6 вёдраў. Не ведаю, куды іх… выкінуць…»

Яны маглі стаць радасцю на нашым стале, а сталі смеццем.

Вольга Старасціна, belsat.eu