Інтрыга яшчэ захоўваецца


Беларускае футбольнае першынство можна лічыць сёлета завершаным, але засталася адна інтрыга: які з клубаў – «Слуцк» або «Крумкачы» – атрымае права згуляць у эліце наступным сезонам. У сталічным манежы сёння павінен быў адбыцца першы з двух пераходных матчаў, аднак штосьці пайшло не так.

Футбольны клуб «Слуцк» заняў 14-ы радок па выніках чэмпіянату ў найвышэйшай лізе, а «Крумкачы» фінішавалі трэцімі ў першай, таму адпаведна з рэгламентам міжсобку вызначаць, хто згуляе ў эліце. Наша федэрацыя праз эпідэмію COVID-19 у стане «цукровых» перанесла гэтыя сустрэчы на пазнейшы тэрмін. «Крумкачы» у сваю чаргу пастанавілі не марнаваць часу і правялі спарынг-сустрэчу з журналістамі. Сталічны ж клуб выступаў супраць пераносу матчу са «Слуцкам».

«Вы самі бачылі, матч «Швейцарыя – Украіна», нашым суседзям залічылі паразу. Вось так у Еўропе гэта робіцца. Калі ў камандзе есць 13 здаровых чалавек на момант правядзення двубою, то, паводле рэгламенту УЕФА, матч можна праводзіць. Зразумела, што спартовы прынцып пакутуе, але гэта не праблема «Крумкачоў». Футбалісты пойдуць пазней у адпачынак, цяпер два тыдні патрэбна недзе трэнавацца, а гэта ўсё нашыя грошы» – распавядае прадстаўнік прэс-службы «Крумкачоў» Сяргей Южык.

І хоць трэнаванні клуб праводзіць пастаянна, гульнявай практыкі ніхто не адмяняў. Тым больш што «Крумкачы» на два тыдні раней за «Слуцк» скончылі чэмпіянат: большы прастой – а гульнявы тонус вельмі патрэбны.

«Зразумела, што цяжка, ужо трохі надакучыла і футбалістам, і ўсяму трэнерскаму штабу. Тым не менш трэба выконваць пастаўленую задачу, таму рыхтуемся і чакаем першае стыкавае гульні» – зазначае галоўны трэнер «Крумкачоў» Сяргей Кузьмініч.

Да таго ж гульцы разумеюць, што маюць трымаць сябе ў тонусе, а таму, калі гэта не трэнінгавы занятак, а спарынг, хай сабе і з журналістамі, усё роўна дасць карысць.

«Увесь сезон да гэтага крочылі да найвышэйшае лігі. Так атрымалася, што трапілі ў пераходныя матчы, і тут ужо нічога не застаецца, як рыхтавацца, трымаць сябе ў форме. Калі гуляць пастанаўляем не мы, а нашая задача – падрыхтавацца да гэтых гульняў і даць бой суперніку» – такі пункт гледжання ў паўабаронцы «Крумкачоў» Дзмітрыя Жданка.

Залатыя медалі чэмпіянату праз 15 гадоў заваяваў салігорскі «Шахцёр», срэбра – у БАТЭ, замкнула тройку ўпершыню ў гісторыі жодзінскае «Тарпеда». Агулам сёлетняе першынство ацаніў знакаміты спартовы журналіст Мікалай Хадасевіч, які таксама сёння браў удзел у спарынгу.

«Усе, што магу сказаць па чэмпіёнскай гонцы, тут адказ вельмі просты: чэмпіён у гэтым годзе набраў менш за ўсё балаў у параўнанні з мінулагоднімі ўладальнікамі золата. Гэта гаворыць пра тое, што ўзровень нашых лідараў апусціўся, што патрэбна думаць, куды мы коцімся» – распавёў спартовы журналіст Мікалай Хадасевіч.

У выніку каманды парадавалі гульнёй нешматлікіх заўзятараў, а скончылася яна з ліку 6:3 на карысць «Крумкачоў». Пераходныя ж матчы, калі зноў не ўмяшаюцца форс-мажорныя абставіны, маюць адбыцца 15-га і 19-га снежня.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат».