«Буду наглуха стаяць». Лукашэнка не плануе пакідаць сваё месца


Сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў менскі АМАП, дзе яму падарылі чорны берэт, якія звычайна атрымліваюць пасля пэўных выпрабаванняў. Узамен Лукашэнка паабяцаў застацца да апошняга амапаўца.

Падтрыманне сілавікоў – адзіная надзея для ўлады Лукашэнкі, лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

«Трэба зразумець, што ў нас рэальна не адбылася барацьба за ўладу. Выхад мірных грамадзянаў на плошчы, сотні тысяч, дзвесце тысяч – гэта не барацьба за ўладу. І таму казаць, «а куды вы не павялі людзей?»… Прабачце, а куды іх трэба было весці?», – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Пакуль Лукашэнка сустракаўся з самай адданаю часткаю свайго электарату, каманда Святланы Ціханоўскай падвяла вынікі гэтага года і распавяла пра планы налета. Прадстаўнікі штабу кажуць, што працуюць над эканамічнаю праграмаю, рыхтуюць праект выбарчага кодэксу і канстытуцыі, працуюць над рэформай адукацыі. Таксама займаюцца дапамогаю рэпрэсаваным і рыхтуюць 4-ы пакет санкцыяў.

«Лукашэнка не прызнаны легітымным прэзідэнтам па ўсім свеце, і выбары прызнаныя сфальсіфікаванымі. На дадзены момант мы ўсталёўваем палітычныя і дыпламатычныя кантакты з іншымі краінамі. Гэта ўжо цяпер 25 краінаў у свеце», – распавядае Святлана Ціханоўская.

Тых крокаў, што робіць беларуская апазіцыя, недастаткова, каб наблізіць перамогу дэмакратыі над рэжымам, лічыць палітолаг Андрэй Ягораў.

«Кампетэнцыя, скажам так, і адказнасць лідарскіх структураў заключаецца ў тым, каб даць зразумелую дарожную мапу ці стратэгію дзеянняў на бліжэйшы перыяд, уключна з нетрывіяльнымі прапановамі і крокамі. Адным з такіх крокаў можа быць вяртанне самой Ціханоўскай як пэўны знак палітычнага календара», – лічыць палітолаг Андрэй Ягораў.

«Канечне, змены ўлады. Таму што тое, што адбываецца зараз у краіне, вельмі страшна»

«Ну, як мінімум прэзідэнта новага. А там па ланцужку ўсё само сабой наладзіцца»

«Хутчэй за ўсё, нейкіх эканамічных рэформаў. Спыненне беднасці нашага насельніцтва і змена аднаго чалавека»

«Каб вірус гэты прайшоў і мірнага неба над галавой. Самае галоўнае, каб цішыня і спакой», – разважаюць жыхары і госці Магілёва.

Гэты Новы год за кратамі сустрэнуць 169 асобаў, прызнаныя беларускімі ды міжнароднымі арганізацыямі вязнямі сумлення.

Надзея Бельская, belsat.eu