У Беларусі прынцып «быў бы чалавек – справа знойдзецца». Як жывуць беларусы ў выгнанні


Падзеі пасля жніўня 2020 назаўсёды змянілі лёс многіх беларусаў: адны звольніліся з працы, другія – апынуліся за кратамі, іншыя – былі вымушаныя ўцякаць за мяжу.

«Я ведаю, чаму мы ў Польшчу пераехалі, бо там на Чкалава каронавірус», – не ад віруса, як лічыць пяцігадовы Давід, ягоная сям’я ўцякла два месяцы таму з Кобрына ў Варшаву.

10-га жніўня ягоны бацька Уладзімір сказаў маме Святлане, што пайшоў у краму, а сам рушыў на гарадскую плошчу, каб выказаць пратэст афіцыйным вынікам прэзідэнцкіх выбараў. У яго пацэлілі святлошумавою гранатаю. Цела пацярпела ад калена да шыі.

«Я проста крычаў ад болю. Калі стаў трохі цяміць, адразу адчуў дзікую рэзь па жываце. Было такое адчуванне, што вантробы вываліліся. У галаве была думка: «Усё, дабегаўся», – успамінае Уладзімір Тарасюк.

Уладзімір трапіў у рэанімацыю, потым каля месяца правёў у апёкавым аддзяленні ў Берасці. Далячыцца і прайсці рэабілітацыю валанцёры з Беларускага дому прапанавалі бясплатна ў Польшчы. Мужчына разважыў, што ў сітуацыі, калі пацярпелых пераводзяць у статус падазраваных, заставацца ў Беларусі небяспечна.

«Хацелася б, канечне, спакойна хадзіць і жыць у сябе на радзіме, у Беларусі. Але там цяпер, напэўна, прынцып «быў бы чалавек – справа знойдзецца», – кажа жонка Уладзіміра Святлана.

Ганна Макевіч у Польшчу пераехала пяць гадоў таму. За гэты час паспела адкрыць уласныя барбэршопы ў Варшаве. Паслявыбарчыя падзеі навялі жанчыну на думку стварыць уласную частку Беларусі ў замежжы. Гэтак паўстала кавярня «нот 1984». 10 адсоткаў ад выручкі Ганна ахвяруе беларусам у Польшчы:

«Я заўсёды лічу, што калі робіш нешта добрае, то ты можаш вытрымаць. Таму што дабро вяртаецца дабром. Страшна?! Так. Неверагодна было страшна. Маленькай камандай адкрывалі, рамонт, дызайн у кафэ рабілі самі. Я веру, што ўсё атрымаецца».

Мікіта Семяненка яшчэ падчас вучобы на журфаку БДУ вылучаўся кандыдатам у дэпутаты мікрараёну Кунцаўшчына. Пасля збору подпісаў, правядзення кампаніі яго адлічылі з універсітэту. Навучанне працягнуў у польскім Торуні на праграме Каліноўскага. Летась Мікіта каардынаваў назіральнікаў як сябра рады руху «За свабоду», збіраў подпісы за Віктара Бабарыку. Аднак пасля затрыманняў ягоных сяброў вырашыў пакінуць Беларусь і працягнуць навучанне ў Варшаўскім універсітэце.

«Я лічу, што выбары павінны быць сумленнымі, галасы павінны лічыцца, кандыдаты павінны мець роўныя правы да ўдзелу і быць зарэгістраваныя, а не працягваць сваю кампанію ў турме. Весці круглыя сталы ў турме – гэта не дыялог. Людзі ў закладніках проста», – сцвярджае Мікіта.

Паводле Мікіты, падзеі ў Беларусі – гэта цяпер трэндавая тэма сярод студэнтаў польскіх ВНУ. У варшаўскім універсітэце з’явілася нават дысцыпліна «Беларусь 2020». Адкрывалі яе Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Прадметам зацікавіліся 250 студэнтаў.

Каця Малей «Белсат»