Колькасць прадпрымальнікаў у Беларусі можа значна скараціцца. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікавалі змены ў законы аб пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент усталёўвае канчатковы тэрмін, калі ў краіне можа знікнуць само паняцце ІП.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
У Беларусі прадугледжваецца толькі дзве катэгорыі тых, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы.
Да юрыдычных асобаў адносяцца малыя арганізацыі з колькасцю працоўных да 100 чалавек. Сярэднімі лічацца арганізацыі, якія маюць да 250 працаўнікоў, буйнымі – звыш 250 чалавек. У катэгорыю фізічных асобаў уключаныя рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзібаў, самазанятыя і, пакуль яшчэ, індывідуальныя прадпрымальнікі.
«Мы стварылі каласальны афшор, дзе людзі нічога не плацяць, а ўжо ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі. Ад журналістаў, прыкладаў мора, да чыноўнікаў», – кажа Лукашэнка.
Згодна з новым законам, весці справу дазволяць толькі тым прадпрымальнікам, чый від дзейнасці ўвойдзе ў спіс Савету Міністраў. Міністэрства эканомікі апублікуе праект пераліку відаў дзейнасці і вынесе яго на грамадскае абмеркаванне 15 траўня. Урад абяцае зацвердзіць спіс да 1 ліпеня.
Некаторы час таму, прыкладна год-паўтара, было сказана з высокай трыбуны, што нам не трэба гэтыя індывідуальныя прадпрымальнікі, бо яны плацяць вельмі мала падаткаў. Трэба, каб яны пераходзілі ў іншыя юрыдычныя формы, каб гэтых падаткаў было больш», – распавядае прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.
Новых індывідуальных прадпрымальнікаў з дзейнасцю па-за гэтым спісам перастануць рэгістраваць сёлета з першага кастрычніка. А ўсе раней зарэгістраваныя ІП абавязаныя будуць да пачатку 2026 года стварыць юрыдычную асобу. Наўзамен улады абяцаюць спрошчаны парадак пераходу ў камерцыйныя арганізацыі.
«З гэтых скарочаных рэгістрацыяў потым могуць узнікнуць нейкія праблемы з аўтарскімі правамі, нейкімі ідэнтычнымі назвамі і гэтак далей. Потым могуць адбыцца канфлікты інтарэсаў паміж гэтымі юрыдычнымі асобамі», – паведаміў доктар навук, дарадца ABBA Яраслаў Кот.
Таксама пашыраецца права на атрыманне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб’ектам сярэдняга бізнесу. Раней гэты інструмент быў даступны толькі малому бізнесу.
Па стане на 1 красавіка ў краіне амаль 86 тысяч прадпрымальнікаў працуюць у аптовым і рознічным гандлі, а таксама займаюцца аўта- і мотарэмонтам. Гэта самая вялікая група. На другім месцы – перавознікі, курʼеры і занятыя ў лагістыцы. Іх налічваецца 37,5 тысяч. У сектары прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці каля 26 тысяч, у будаўніцтве – амаль 20 тысяч, у прамысловасці крыху больш за 14 тысяч прадпрымальнікаў. Усяго ў Беларусі на пачатак красавіка налічвалася амаль 250 тысяч ІП.
«У нас хутка будзе індывідуальных прадпрымальнікаў 12 мільёнаў. У нас народу столькі няма, але будзе 12 мільёнаў прадпрымальнікаў», – удакладніў Лукашэнка.
«Лукашэнскаўская дзяржава заўсёды глядзела, каб зарабіць. Як у тым анекдоце: як забраць апошнія 100 долараў, дзе яны іх бяруць і як іх адабраць? Ён не глядзіць, каб людзі зараблялі і добра жылі, ён глядзіць, дзе з іх яшчэ ўзяць грошай», – працягвае Яраслаў Кот.
За апошнія два гады ў Беларусі сваю дзейнасць прыпынілі 20 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле прагнозаў Міністэрства эканомікі, пасля новаўвядзення іх можа паменець яшчэ амаль на 50 тысяч.
Павел Алейнікаў, «Белсат»