Недалёка ад беларуска-польскай мяжы – нашая здымачная група.
«Роўна за маёй спінаю пачынаецца тэрыторыя, на якую распаўсюджваецца ваеннае становішча. Уехаць туды могуць або мясцовыя жыхары, або прадстаўнікі сілавых структураў. І вось менавіта ў гэтай мясцовасці з прыемнай беларускаму вуху назваю Крынкі сёння ўночы некалькім групам мігрантаў удалося трапіць на тэрыторыю Польшчы. Аднак у хуткім часе іх затрымалі польскія сілавікі», – кажа журналіст Зміцер Міцкевіч.
Прэс-сакратар Падляскага атраду Памежнай аховы Катажына Здановіч пацвердзіла:
«Цягам апошніх содняў было 599 спробаў нелегальна перайсці мяжы. Усе гэтыя спробы мы перадухілілі. Выдалі 48 пастановаў пакінуць нашую краіну. Затрыманыя былі 9 замежнікаў: пяцёра з іх – жыхары Лівану, трое – Іраку, адзін – Сірыі. Яны будуць падаваць дакументы на міжнародную абарону».
За дапамогу ў нелегальным мінанні мяжы затрымалі трох грамадзянаў з Літвы, Расеі і Швецыі. За гэта ім пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі. Аднак галоўны кантрабандыст людзей і віноўнік міграцыйнага крызісу пакуль такога тэрміну пакуль не атрымае. Што праўда, ягоныя дзеянні таксама дакладна беспакаранымі не застануцца.
Матэўш Маравецкі, прэм’ер-міністр Польшчы:
«Цалкам відавочна, што тое, з чым мы тут сутыкаемся, ёсць дэманстрацыяй дзяржаўнага тэрарызму… Мы павінныя імкнуцца да блакавання рэйсаў з краінаў Блізкага Усходу ў Беларусь, бо мы ведаем, што гэта ўсяго толькі інструмент палітычнага шантажу. І нам трэба пачаць дыпламатычныя дзеянні ад Еўрапейскага Звязу, ад Бруселю да сталіцаў краінаў Блізкага Усходу».
Лукашэнка разлічваў, што жорсткая пазіцыя Польшчы ў гэтым пытанні будзе сустрэтая ў штыкі палітыкамі ў Бруселі. Аднак шклоўскі дыктатар моцна пралічыўся: Варшава мае поўную падтрымку Еўразвязу.
Шарль Мішэль, старшыня Еўрапейскай Рады:
«Мы абмяркоўваем пытанне пра фінансаванне Еўразвязам фізічнай інфраструктуры на мяжы ды лічым, што неабходна будзе пацвердзіць здольнасць ЕЗ праяўляць салідарнасць у адносінах да краінаў на перадавой, абараняць свае межы, якія таксама ёсць межамі Еўрапейскага Звязу».
У выніку заўчарашніх спробаў масава прарваць мяжу ў раёне памежнага пераходу ў Кузніцы гэты пераход быў цалкам зачынены. Адпаведна, усе дальнабойнікі скіраваліся ў Баброўнікі, дзе ўтварылася чарга з грузавікоў на амаль 27 кіламетраў.
Дальнабойнік: «Учора стаялі, сёння стаім, сітуацыя сама за сябе кажа. Невядома, калі скончыцца».
Усе бакоў гэтай гісторыі разумеюць, хто мусіць несці адказнасць за тое, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы. Але пакуль выглядае, што Лукашэнка імкнецца да новага вітка эскалацыі.
Магчыма, такім самым шляхам выбіраліся з лесу мігранты, пра якіх нам распавядалі дальнабойнікі. Калі гэтая эскалацыя канфлікту не будзе спыненая, польскі бок можа разглядаць нават поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю.
Зміцер Міцкевіч, «Белсат»