Імем Рэспублікі Беларусь – расстраляць!


Пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі абмяркоўвалі сёння ў Менску падчас круглага стала «Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання». Сярод удзельнікаў мерапрыемства была і кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, якая ў чарговы раз канстатавала нежаданне кіраўніцтва Беларусі прасоўвацца ў гэтым пытанні. Чаму ўлады краіны не хочуць ісці на кампраміс з Захадам і ці самі беларусы хочуць адмены смяротнага пакарання?

Андрэа Віктарын заклікала Аляксандра Лукашэнку праявіць палітычную волю і адмяніць смяротнае пакаранне. Чаго-чаго, а волі звычайна кіраўніку Беларусі не займаць. Толькі не ў гэтым пытанні.

«Моцныя лідары – гэта не тыя, якія заўжды ідуць за грамадскім меркаваннем» – завіла Віктарын.

Аднак беларускім уладам зараз выгадна дэманстраваць супадзенне сваёй пазіцыі з грамадскім меркаваннем – хоць у нейкім пытанні.

«Вось яны кажуць «смяротнае пакаранне, смяротнае пакаранне». Вы давайце, прыпыніце, забараніце смяротнае пакаранне. Я ім тлумачу, што ў нас на рэферэндуме вырашана гэтае пытанне, і я паважаю свой народ, я не магу адмяніць асабіста вырашэнне, якое прыняў народ», – апраўдваецца Аляксандр Лукашенка.

Ніякіх крокаў з боку Беларусі не бачна

Такія паводзіны выглядаюць як звычайны для беларускіх уладаў гандаль з Захадам. Па меркаванні экспертаў, кіраўніцтва Беларусі спрабуе атрымаць новыя прэферэнцыі ад Еўразвязу ў абмен на перспектывы адмены смяротнага пакарання. Толькі практычных крокаў пасля такіх перамоваў ад ураду Беларусі не бачна.

«Гэты дыялог ідзе даўным даўно. Яшчэ ў 2004 годзе Канстытуцыйны суд выказаўся пра тое, што для адмены смяротнага пакарання дастаткова рашэння прэзідэнта або прыняцця рашэння парламента. 2004 год. Зараз 2018. Кожны год у нас прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Але гэтае пытанне застаецца па-ранейшаму на тым жа месцы, дзе і было», – кажа праваабаронца ПЦ «Вясна» Андрэй Палуда.

Беларускія ўлады пастаянна спасылаюцца на волю народа і рэферэндум. На меркаванне экспертаў, зараз грамадскае меркаванне адносна смяротнага пакарання істотна змянілася ў параўнанні з 1996 годам.

«Я не падтрымліваю смяротнае пакаранне. Мне здаецца, гэта такое варварства, шчыра кажучы – забіваць за забойства», – падзяліўся сваім меркаванне з нашым тэлеканалам мінак.

Магчыма, і варварства, але падаецца, што захаванне смяротнага пакарання – прынцыповая асабістая пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, аб якую разбіваюцца ўсе лагічныя аргументы.

«Я не думаю, што прэзідэнт Лукашэнка не разумее, што наяўнасць смяротнага пакарання дастаткова сур’ёзна замінае нашай краіне і нашаму грамадству. Ён дасведчаны палітык і ён гэта бачыць і адчувае… Вельмі шмат у нашай краіне прымаецца непапулярных рашэнняў праз палітычную волю, у тым ліку і эканамічных нейкіх пытанняў», – зазначае Андрэй Палуда.

Так і атрымліваецца – улады прыкрываюцца воляй народа, а з Захадам практычна ідзе дыялог для дыялогу – канкрэтнага прагрэсу не відаць нават на гарызонце. А зрэшты, як той казаў, нічога новага.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат». Фота: REUTERS / Stephen Lam / FORUM