Баевік ДНР, які катаваў ваеннапалонных і цывільных, і адначасова «герой русскага міру» і расейскіх медыяў. Раніцай у Данецку забілі камандзіра падраздзялення «Самалі» Міхаіла Талстых, больш вядомага на мянушку Гіві. У сваім кабінеце ён узарваўся разам з двума падначаленымі. Знішчэнне Гіві – чарговае ў цэлым шэрагу смерцяў баевікоў высокага рангу на Данбасе.
Паводле кіраўніцтва самаабвешчанай ДНР, Міхаіл Талстых загінуў а 6-й раніцы, калі ў вакно будынку прыляцеў «Шмель» – снарад ручнога рэактыўнага агнямёта. Кабінет «Гіві» цалкам згарэў. Хоць «Шмель» гэта зброя выключна расейскай вытворчасці, баевікі абвінавачваюць у нападзе ўкраінскую дыверсійна-выведчую групу. Ды абяцаюць страшна помсціць.
«Звяртаюся да ўсіх украінскіх войскаў, вайскоўцаў. Усіх вы нас не перастраляеце, усё роўна мы будзем прыходзіць да вас мёртвыя і ўсё роўна будзем вас забіваць», – заявіў Аляксандр Захарчанка, кіраўнік «Данецкай Народнай Рэспублікі»
Гіві «на камеру» здзекаваўся над палоннымі ўкраінцамі. Баевік любіў рабіць відэазвароты і раздаваць інтэрвʼю. Расейскія медыі прадстаўлялі Гіві, як гераічнага змагара за Наваросію.
Але гэта не поўны спіс. На рахунку Талстых катаванні і забойствы цывільных грамадзянаў і палонных вайскоўцаў. Падраздзяленнем «Самалі» ён камандаваў гэтаксама груба, пасылаючы сваіх салдат у самазабойчыя атакі.
«Гэта быў проста тупы выканаўца волі расейскіх куратараў, які збіраў чалавечыя адкіды з усёй Расеі, збіраў антыукраінскіх грамадзянаў Украіны, кідаў іх у бой супраць нашых салдат і афіцэраў. Яны забівалі мірных грамадзянаў, катавалі, гвалцілі», – кажа Арцём Герашчанка, дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны.
«У вочы мне глядзі, гад. Адкуль ты родам? З Жытоміра? Я табе абяцаю, што пайду пад Жытомір і буду кругласуткава вас далбаць усёй сваёй артылерыяй, усімі сваймі танкамі. І ты даведаешся, што такое сапраўднае пекла», – абяцаў загінулы палявы камандзір ДНР.
«Непасрэдна Гіві падчас бітвы пад Ілавайскам дабіваў з пісталета майго параненага пабраціма Арцёма Краўчанку. Дзякуй богу, не забіў, Арцём цяпер жывы і здаровы ды працуе кіраўніком Дняпроўскай раённай рады», – узгадвае дэпутат Вярхоўнай Рады Юрый Бяроза.
Раней у кабіне данецкага ліфта ўзарвалі «Матаролу», а сёння ў Луганску пахавалі кіраўніка войскаў ЛНР Алега Анашчанку. Кожны раз, як забіваюць палявога камандзіра, баевікі абвінавачваюць украінскіх дыверсантаў і абвяшчаюць аперацыю перахопу. Але яшчэ ні разу не злавілі ніякіх дыверсантаў. У Кіеве баевікам прапаноўваюць здавацца і ісці пад украінскі суд, каб захаваць жыццё.
«Калі вы расейскі афіцэр ці функцыянер ФСБ, вы загінеце пры нетлумачальных абставінах удома, або скончыце жыццё самагубствам. Калі вы радавы тэрарыст, вы загінеце ў бессэнсоўных спробах штурмаваць пазіцыі ўкраінскага войска і будзеце пахаваныя ў невядомых магілах. Калі вы камандзір тэрарыстычных групаў, вас дастануць або Сілы спецыяльных аперацыяў Украіны, або куратары Крамля», – тлумачыць Аляксандр Залацько, удзельнік баявых дзеянняў на Данбасе.
Там кажуць, што гэта Крэмль забівае самых непакорлівых і непатрэбных лідараў сепаратыстаў, каб спрасціць кіраванне самаабвешчанымі рэспублікамі, а ў перспектыве – спрасціць перамовы аб іх перадачы Украіне.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»