Хто з беларускіх спартоўцаў можа заваяваць медаль на Алімпійскіх гульнях?


Сапраўды гістарычнай яна ўжо стала для Паўднёвай і Паўночнай Карэі. Алімпійцы абодвух краінаў прайшлі пад агульным сцягам, які сімвалізуе Карэйскі паўвостраў і пацяпленне ў адносінах паміж Сеулам ды Пхеньянам.

«Алімпіяда спыняла войны. І тым самым старажытныя алімпійскія гульні яны былі палітыкай», – кажа аглядальнік «Прэсболу» Сяргей Вярсоцкі.

Палітыкі на гэтай алімпіядзе не бракуе з-за скандалу з удзелам Расеі. Міжнародны алімпійскі камітэт не дапусціў да ўдзелу некалькі дзясяткаў расейскіх спартоўцаў з-за скандалу з допінгам. Расейцы ішлі не пад сваім, а пад алімпійскім сцягам.

Гэта сёмыя алімпійскія гульні ў гісторыі незалежнасці краіны. Першыя адбыліся 1994-м годзе ў Нарвегіі пад бел-чырвона-белым сцягам, які нёс біятланіст Яўген Рэдзькін.

На сёлетняй алімпіядзе сцяг трымала ў руках 38-гадовая фрыстайлістка Ала Цупер. Хоць бясспрэчнай фаварыткай гэтых гульняў з’яўляецца 31-гадовая біятланістка Дарʼя Домрачава – трохразовая алімпійскай чэмпіёнка.

На меркаванне аглядальніка «Прэсболу» Сяргея Вярсоцкага, Дарʼя Домрачава знаходзіцца ў дасканалай форме.

«Яна зараз, можна сказаць, выходзіць на пік. І можа, яна будзе лепш выглядаць, чым у Сочы. Зноў жа з улікам таго, што яна шмат часу правяла на зборах у гарах. Ніводная біятланістка свету да Алімпіяды не рыхтавалася ў гарах столькі, колькі Домрачава», – кажа Вярсоцкі.

У безумоўных фаварытах і каманда фрыстайлістаў, якіх з 93-га года рыхтуе Мікалай Казека. Яшчэ ні разу ягоныя выхаванцы не вярталіся без медалёў.

«Па сезону хлопцы паказалі, што гатовыя перамагаць, гатовыя займаць прызавыя месцы. Антон Кушнір як заўсёды на вышыні», – кажа Дзмітрый Дашчынскі двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў у фрыстайле.

«Казека зноў прывёз цалкам канкурэнтаздольную каманду і ў мужчын і ў жанчын. Мы ў кожным разрадзе будзе чакаць медалёў. Усё на ўзроўні, усе складаныя камбінацыі дазваляюць нам змагацца нават за золата», – адзначае Сяргей Вярсоцкі.

Аднак у спорце заўсёды ёсць месца на неспадзяванкі. Досыць высокія шанцы на ўзнагароды мае канькабежны спорт і лыжныя гонкі.

Розніца паміж Пхёнгчхангам і Менскам складае 6 гадзінаў, а таму большасць трансляцыяў беларускія гледачы змогуць паглядзець раніцай і ўдзень.

Першыя спаборніцтвы для беларусаў распачнуцца заўтра.

Вольга Жарнасек, «Белсат»