Хто такі Валер Цапкала і чаму ягонае звальненне – дрэнна для Беларусі?


Беларуская Крэмніевая даліна, як часам называюць Парк высокіх тэхналогіяў, засталася абезгалоўленая. Указам Аляксандра Лукашэнкі нязменны кіраўнік ПВТ Валер Цапкала звольнены са сваёй пасады.

Пра гэтае кадравае рашэнне стала вядома на наступны дзень пасля вялікай публікацыі ў выданні «Financial Times», прысвечанай выбітнаму поспеху беларускай IT-індустрыі, якая летась толькі крыху не дасягнула рэкорднага гандлявання на $ 1 млрд.

«Калі б не парк высокіх тэхналогіяў, у нас бы гэтай галіны, практычна, не было б. І хто ня зʼехаў бы зусім, тыя б у Літве – у Вільні зараз адчыніць стартап – падаткаў, практычна, ніякіх. І людзі б проста ездзілі на працу ў Вільню», – тлумачыць Юрый Зісер, старшыня TUT.BY.

Ідэяй стварыць Парк высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала загарэўся пасля наведвання Крэмніевай даліны ў Злучаных Штатах, дзе працаваў амбасадарам. Дэкрэт Лукашэнкі аб стварэнні ПВТ, з ільготным рэжымам падаткаабкладання, быў падпісаны 12-га верасня 2005 года. Ужо праз пяць гадоў пасля стварэння экспарт паслугаў Парку высокіх тэхналогіяў дасягнуў $ 160 млн. і далей амаль падвойваўся кожныя два гады.

«Хлопцы! Хопіць сваволіць, таму што мы так будзем глядзець, глядзець і паставім вас у шэраг з усімі. Чым вы адрозніваецеся, вялікія айцішнікі?», – пужаў Лукашэнка.

Яшчэ два гады таму назвы вядучых айчынных айці-кампаній пачалі ўзгадавацца ў крымінальнай хроніцы. Крымінальныя справы заводзіліся паводле абвінавачання ва ўхіленні ад аплаты падаткаў.

У 2020 годзе заканчваецца тэрмін ільготаў, якімі надзеленыя рэзідэнты ПВТ. Валер Цапкала выступаў катэгарычна супраць іх адмены. Паводле сайту «Беларускі партызан», які датэлефанаваўся цяпер ужо былому кіраўніку ПВТ, аб прычынах звальнення ён нічога не ведае. Навіна заспела яго на рабочым месцы.

Станіслаў Івашкевіч, Менск. фота: grodnonews.by