«Хачу, каб ува мне бачылі дзяўчыну». Беларуска – Міс свету на інвалідным вазку


Беларуска Аляксандра Чычыкава перамагла ў конкурсе «Міс свету на інвалідным вазку», фінал якога адбыўся напярэдадні ў Варшаве.

Апроч Аляксандры ў ім удзельнічалі яшчэ 23 дзяўчыны з 19 краінаў свету, у тым ліку і яшчэ адна прадстаўніца Беларусі.

«Шмат хто мяне пытаецца, чаго я хачу, і ў першую чаргу я хачу, каб ува мне бачылі дзяўчыну», – кажа Аляксандра Чычыкава.

Выбар «Міс свету» 2017 года на вазку – гэта не толькі міжнародны конкурс прыгажосці і жаноцкасці. Гэта, найперш, спроба змяніць стаўленне грамадства да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Удзел у такой імпрэзе для кожнай канкурсанткі з 19-ці краінаў свету- асабістае пераадоленне чарговага бар’еру, якіх на іх шляху безліч.

«Наважыцца мне было не складана. Гэта было спантаннае рашэнне, але прыехала сюды, і калі была ў аэрапорце, я зразумела, што будзе складана. Я зразумела, што хачу гэта вытрымаць і хачу атрымаць досвед».

Віцэ-міс сталі Лебахан Маньяці з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і полька Адрыяна Завадзіньска, а вось карона пераможцы дасталася адной з беларускіх удзельніц.

Пакуль эмоцыі, слёзы радасці, карона, якую надзела на пераможцу мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц. А наперадзе – вяртанне дадому і амбітныя планы – змяніць стаўленне беларусаў да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

«Я вярнуся ў Менск не такой, як раней, я вярнуся мацнейшай, я вярнуся лепшай, я вярнуся больш шчаслівай», – заявіла Аляксандра «Белсату» адразу пасля атрымання ўзнагароды.

Афіцыйна ў Беларусі больш за паўмільёна людзей з інваліднасцю, але далёка не кожны з іх сваім прыкладам, як Аляксандра, паказвае, што яны здольныя шмат на што. Імаверна, правядзенне конкурсу «Міс Сусвету на вазку – 2018» у Беларусі будзе чарговым крокам у пераадоленні барʼераў. Прынамсі, цяперашняя «Міс Сусвету» абяцае, што прыкладзе намаганні, каб наступны конкурс прайшоў у беларускай сталіцы.

Пра жаданне абвесціць ініцыятыву аб правядзенні конкурсу ў нашай краіне раней заяўляла «Белсату» таксама мадэлька Вольга Ўэльская, другая ўдзельніца Miss Wheelchair World ад Беларусі.

Наста Ільіна; фота вокладкі – Wojtek Radwański/AFP Photo