Гульцы берасцейскага «Дынама» абаранілі заўзятараў ад АМАПу


Гэты момант мог стаць сапраўдным святам. Заўзятары берасцейскага «Дынама» не хавалі эмоцыяў пасля перамогі сваёй каманды. Аднак здабыццё Кубка Беларусі сапсаваў нечаканы інцыдэнт. Некалькі фанатаў на радасцях выбеглі на футбольнае поле, насустрач выйшлі амапаўцы.

Пачалося жорсткае збіццё

«Мы сядзелі ў адмысловай ложы. Там сядзелі і чыноўнікі, і прадстаўнікі Федэрацыі футболу. Рэакцыя ва ўсіх была аднолькавая, негатыўная. Усе казалі навошта гэта рабіць, ніхто такога загаду не даваў», – сведчыць заўзятар Павел Белавус.

Некаторых заўзятараў білі дручкамі, іншых павалілі на зямлю і надзелі кайданкі. Сярод пацярпелых апынуўся адміністратар каманды Андрэй Цэван.

«Адзіны пазітыўны момант, які крыху змякчыў сітуацыю, гэта тое, што самыя футбалісты падышлі да амапаўцаў і пачалі абараняць сваіх прыхільнікаў». Калі яны атрымалі гэты кубак, яны адразу пайшлі да людзей, якіх атачыў АМАП», – узгадвае спадар Белавус.

У міліцыі пра інцыдэнт размаўляць не хочуць

«Белсат» звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных справаў з просьбаю пракаментаваць адэкватнасць паводзінаў міліцыянтаў на гарадзенскім стадыёне. Аднак галоўная прэс-служба МУС у асобе Канстанціна Шалькевіча размаўляць на гэтую тэму катэгарычна адмовілася.

Ужыванне сілы супраць футбольных фанатаў з боку міліцыі ў нашай краіне – справа даволі частая. Класікаю міліцэйскага гвалту сталі здымкі, калі амапаўцы пазалетась жорстка збілі баранавіцкіх фанатаў. Праз некалькі месяцаў інцыдэнт паўтарыўся з гомельскімі фанатамі ў Слуцку. Далей былі арышты на «Барысаў-Арэне» і буйныя штрафы за нацыянальную сімволіку.

«Мы ўсё ніяк не можам зразумець, што такое футбол і як ім кіраваць. Да заўзятараў у нас ставяцца як да несанкцыянаванага мітынгу, а гэта зусім іншая справа, у якой трэба больш кантакту, чымся нейкіх інструкцыяў. Трэба размаўляць з людзьмі», – упэўнены спартовы журналіст Эдуард Белямук.

Міліцэйскае сваволле расце

Ужыванне ґвалту незалежныя медыі рэгіструюць па некалькі разоў на месяц. Аднак пра большасць выпадкаў грамадства нічога не ведае.

«Гэта свавольства пачалося падаецца з 2010 года. Мы памятаем, як палкоўнік Еўсееў на Плошчы без усялякіх прычын нагамі збіў журналіста. У нармальнай краіне ён бы адразу трапіў за краты. У нашай краіне ён атрымаў генерала», – нагадаў «Белсату» Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі ў запасе.

А такія паводзіны начальства спакушаюць іншых, малодшых званнем, рабіць карʼеру такім чынам. Таму ахвяраю міліцэйскага гвалту ў Беларусі можа стаць кожны.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: pressball.by