Аб'ектыў 07.02.2018 Грошы Менску – рэгіёнам. Што мяркуюць менчукі?


Зрабіць свой выбар у размеркаванні менскага бюджэту напрыканцы студзеня прапанавалі кандыдаты ў дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Але, як вынікае з бюджэту сталіцы на гэты год, істотную частку давядзецца аддаць на «развіццё рэгіёнаў».

«Пераразмеркаванне грошай на мясцовым узроўні – гэта даволі распаўсюджаная і адэкватная сусветная практыка. Усе краіны яе выкарыстоўваюць. Звязана гэта з тым, што эканамічнае развіццё розных рэгіёнаў краіны, яно неаднолькавае», – тлумачыць рашэнне кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

З бюджэту Менску возьмуць Br 1,3 млрд

Сродкі пойдуць у рэспубліканскі бюджэт з тым, каб стварыць большыя магчымасці для развіцця рэгіёнаў. Прычым гэтая сума амаль на 13 % большая, чым летась. Пытанне, ці гатовыя дзяліцца жыхары сталіцы?

«Трэба ўкладаць у Менск, трэба развіваць горад у першую чаргу. Рэгіёны і так у спусташэнні. Не ведаю, ці ім гэта дапаможа, усё адно як у прорву».

«Калі гэтыя грошы не пойдуць у рэгіёны, яны пойдуць куды-небудзь яшчэ. Наўрад ці гэта ўсё дастанецца Менску, шчыра кажучы».

«У сталіцы, канешне, нічога асабліва няма. Метро трэба рабіць, дарогі трэба рабіць, з цэнтру выехаў – усё, там дарогаў няма. Таму я думаю, рэгіёны самі мусяць неяк».

«Цяжка сказаць. У сталіцы ёсць праца, у рэгіёнах усё вельмі кепска. Можа рэгіёнам акурат патрэбная дапамога сталіцы».

– выказаліся мінакі сталічных вуліцаў.

Праблема не ў тым, што грошы ідуць у іншыя рэгіёны

Засцярогі выклікае неэфектыўнасць, з якой чыноўнікі выдаткоўваюць гэтыя сродкі.

«Калі гэтыя сродкі будуць пускацца на будаванне гатэляў і Еўрапейскія гульні, іншыя спартовыя мерапрыемствы нікому непатрэбныя, на ўсталяванне помнікаў карове, што збіраюцца ля Камароўскі паставіць, – то нам, жыхарам Менску будзе ні холадна, ні горача ад гэтага», – запэўніў Дзяніс Кобруеў, кіраўнік кампаніі «Горад – для гараджанаў».

Больш карысці гэтыя сродкі прынясуць бедным рэгіёнам

А карысць для рэгіёнаў пазітыўна адаб’ецца і на жыцці менчукоў.

«Калі рэгіёны будуць дэградаваць без сродкаў, то бальшыня жыхароў праз унутраную міграцыю будзе зʼязджаць у сталіцу і мы будзем бачыць усе тыя ж самыя праблемы – ушчыльненне, змяншэнне зялёных зонаў, нагрузку на сацыяльную інфраструктуру», – даводзіць спадар Кобрусеў.

Але такі сцэнар магчымы толькі ў выпадку, калі рэспубліканскі бюджэт размяркоўваецца згодна з патрэбамі рэгіёнаў. Праблема ў тым, што збор і размеркаванне сродкаў у нашай краіне адбываецца цэнтралізавана.

«Калі ў нас ідуць грошы ў рэспубліканскі бюджэт, а адтуль ужо пераразмяркоўваюцца на меркаванне чыноўніка, які сядзіць у Мінфіне, то сусветная практыка ідзе па іншым прынцыпе – грошы ідуць адпаведна кіраўніцтву рэгіёна, кіраўніцтву вобласці, раёну – тым, хто максімальна блізка знаходзяцца да людзей і здольныя прыняць адэкватныя рашэнні, як гэтыя грошы выдаткоўваць», – зазначыў Уладзімір Кавалкін.

У Беларусі ж грошы размяркоўвае не той, хто блізка да людзей, а той, хто блізка да ўлады. А таму эксперты не выключаюць, што манеўры з бюджэтам маюць даволі простае тлумачэнне пад назваю «выбары».

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: psychologyc.ru

Глядзі таксама
Каментары