Год без асвятлення. У Гомлі чыноўнікі не ў стане вырашыць праблему з ліхтарамі


Транспартную развязку пабудавалі ў Навабеліцкім раёне, што на ўскрайку Гомля, месяц таму. Неабходнасці ў ёй у гэтым месцы няма, але яе бачна з трасы, па якой можа праязджаць Лукашэнка. А гэта – вуліцы каля новай развязкі, на якіх ужо год няма асвятлення.

«У нас мінулай восенню мянялі слупы, знялі ліхтары, якія нас у прынцыпе задавальнялі. Калі б мы ведалі што год будзем хадзіць у цемры – мы б пратэставалі ўжо тады», – распавядае «Белсату» мясцовая жыхарка Таццяна Арцёмава.

Новыя слупы ўсталявалі, але ліхтары на іх так і не з’явіліся. Дарожнае пакрыццё тут у вельмі кепскім стане. Прайсці па вуліцы ў цёмны час сутак без асвятлення няпроста. Цягам году жыхары неасветленых вуліц скардзіліся мясцовым уладам, і адказ атрымлівалі ўвесь час аднолькавы:

«Адміністрацыя навабеліцкага раёну, гарвыканкам, аблвыканкам, ЖКГ абласное – грошаў няма!» – Ірына Сілякова дэманструе стос папераў з перапіскаю з чыноўнікамі.

Але перад парламенцкімі выбарамі ў верасні адказы чыноўнікаў памяняліся і асвятленне паабяцалі зрабіць.

Што праўда, прайшлі выбары – скончыліся і абяцанні. У апошнім лісце з аблвыканкаму адказ ранейшы: «выканаць рэканструкцыю не ўяўляецца магчымым». Тэндар, маўляў, прыпынілі, а грошы перанакіравалі на іншыя гарадскія патрэбы.

«Хто-небудзь з уладаў хоць бы прыехаў і паглядзеў, пагаварыў з людзьмі! Ды пляваць ім на ўсіх нас разам!» – абураецца мясцовая жыхарка Таццяна Жосткая.

Меркавалася, што Лукашэнка прыедзе ў Гомель у верасні. Тады візіт адклалі, але яго яшчэ чакаюць. Вось толькі наўрад ці кіраўнік краіны ўбачыць вуліцы, не прызначаныя для ягонага маршруту.

ІД, belsat.eu