Глыбаччане абурыліся дзеяннямі ЖКГ


Клапы, каты, птушкі, смурод і антысанітарыя. У горадзе Глыбокае жыхары дому 129Б на вуліцы Леніна скардзяцца на гарадскія службы. Побач з імі, літаральна за пяцьдзясят метраў, стаяць больш за дзесяць кантэйнераў са смеццем.

«Гэта наагул дурдом. Немагчыма падысці да гэтага сметніка, у вакно вызірнуць. Жыць тут немагчыма, дзеці ходзяць», – адзначае мясцовая жыхарка.

Іншая кажа:

«Уявіце – гэта цяпер цяпло, добрая дарога. Пачнуцца гэтыя замаразкі, калдобіны, галалёд, вада цячэ тут – гэта будзе вечны каток!»

Жыхары кажуць, што да іх звозяць смецце з усяго гораду, а смеццявозы не паспяваюць яго вывозіць. Тут жа побач месцяцца дзіцячы садок і гімназія. Да таго ж сітуацыя мае пагоршыцца: мясцовыя камунальнікі збіраюцца перанесці кантэйнеры са смеццем яшчэ бліжэй да жылога будынку.

«Пераносяць сметнікі нашмат бліжэй да дамоў. А гэта ўсё антысанітарыя. Пахі. Летам жа вокны адкрытыя», – скардзіцца яшчэ адзін жыхар Глыбокага.

Іншая жыхарка ўпэўненая, што горад павінен быць чыстым:

«Патрэбны сметнікі, але можа іх у іншае месца перанесці, паглядзець куды».

Жыхары дому 129Б на вуліцы Леніна абураюцца – кажуць, што ў ЖКГ з імі ніхто не раіўся, а перанесці пляцоўку для смецця пастанавілі раптоўна і нечакана. Камунальнікі ж адказваюць, іншага месца – проста няма.

Вось што сказаў «Белсату» у тэлефоннай размове галоўны інжынер Глыбоцкай ЖКГ Юрый Лінкевіч:

«Няма іншага месца. Там не да самага дому мы пераносім, а адпаведна з нормамі, усё як мае быць».

Таксама Юрый Лінкевіч кажа, што камунальнікі праводзілі слуханні, на якія запрашалі мясцовых жыхароў. Інжынер кажа, што не чуў, каб у гэтыя кантэйнеры звозілі смецце з іншых раёнаў. Юрый Лінкевіч здзіўляецца гэтаму сцверджанню – кажа, кантэйнеры ж ёсць у кожным раёне.

«Хто там звозіць з усяго гораду? Не ведаю, у мяне такой інфармацыі няма. Там сходзяцца дзве ці тры вуліцы ля кантэйнернай пляцоўкі. Дык мы трохі ў бок адносім, каб быў лепшы вонкавы выгляд», – заяўляе Юрый Лінкевіч.

Тым часам мясцовыя жыхары сабралі больш за сто подпісаў пад зваротам у ЖКГ і раённую адміністрацыю. Глыбаччане прапаноўваюць перанесці смеццевую пляцоўку далей, да камбікормавага заводу, але камунальнікі ўжо кажуць, што гэта занадта далёка.

Апроч гэтага, жыхары хочуць, каб ЖКГ адрамантавала прылеглую да іхных дамоў дзіцячую пляцоўку і прывяла ў парадак поле для выгулу сабакаў.

Вітаўт Сіўчык, Belsat.eu