Гістарычныя будынкі Гарадзеншчыны гараць, бо дзяржава абыякавая


Жыхары вёскі Клюшчаны, што на Гарадзеншчыне, да сёння застаюцца ў стане шоку. Пазаўчора ранкам агонь забраў адную з самых вялікіх каштоўнасцяў іхнага жыцця – касцёл.

Як цвердзяць мясцовыя жыхары, драўляны будынак згарэў дашчэнту за некалькі хвілінаў. Пажарнікі прыбылі на месца цягам прыблізна сарака хвілінаў. Ратаваць ужо не было чаго.

«Унутры ўсюды было полымя. Агонь быў вышэй за дах. Добра што не было ветру. Ціха згарэў, як свечка», – узгадвае мясцовая жыхарка Рэгіна.

Па факце пажару клюшчанскага касцёлу трывае правяранне

Адная з імаверных версіяў прычыны няшчасця – старая электрычная праводка. Мясцовыя жыхары не выключаюць, што будынак падпалілі.

«Вечарам тут ездзіла машына падазроная», – зазначыў жыхар Клюшчанаў у размове з «Белсатам».

Каму і навошта было падпальваць касцёл – пакуль таямніца

Вядома, што за два тыдні да інцыдэнту ў Астравецкім райвыканкаме разглядалі магчымасць занесці будынак пачатку васямнаццатага стагоддзя ў спіс гістарычных помнікаў, якія застаюцца пад аховаю дзяржавы. Канчатковая пастанова была адмоўная.

Што, калі б мясцовыя ўлады яшчэ раней паклапаціліся пра дэ-факта гістарычны будынак? Сёння вядома адно: касцёлу, у якім мела месца адная з першых прамоваў па-беларуску ксяндза і паэта Казіміра Сваяка, ужо не вернеш.

«Такіх помнікаў 18 стагоддзя ў Беларусі можна палічыць на пальцах дзвух рук. Тым больш, што касцёл захаваўся ў добрым стане. Гэта вялікая страта», – шкадуе гісторык Таццяна Касатая-Герасюк.

Падобныя пажары на Гарадзеншчыне сталі здарацца часцей

Напрыканцы траўня ў Горадні згарэў колішні палац Сапегаў 19-га стагоддзя, вядомы таксама як былы піваварны завод. Адметна, што будынак згарэў напярэдадні аўкцыёну аб продажы. Гарадзенскі бровар не маглі прадаць некалькі гадоў. Раней былі планы вярнуць палац да жыцця, стварыўшы тут цэнтр адпачынку. Аднак замест гэтага засталіся рэшткі.

«Такія частыя выпадкі пажараў абʼектаў гісторыка-культурнай спадчыны канешне наводзіць на думкі, што гэта адбываецца не проста так, што за гэтым могуць стаяць нейкія фінансавыя матывы, каштоўнасць зямлі ці прасторы на якой знаходзяцца гэтыя абʼекты», – мяркуе Таццяна Касатая-Герасюк.

Пакуль жа гісторыя касцёлу ў Клюшчанах і былога палацу ў Горадні нагадвае лёс дзясяткаў каштоўных для гісторыі Беларусі абʼектаў, якія штогод назаўсёды адыходзяць у нябыт. Ратаванне помнікаў даўніны ў дзяржаўным спісе важных справаў, відавочна, не фігуруе.

Ян Бабіцкі, «Белсат»