«Не хочам глядзець на крыжы»: гарадзенскія могілкі набліжаюцца да «агародаў» жыхароў вёскі Путрышкі


Жыхары Путрышак на Гарадзеншчыне змагаюцца за экалогію роднай вёскі. На іх наступаюць галоўныя гарадзенскія могілкі «Аўльс», высякаецца навакольны лес, гіне зеляніна, пагоршылася якасць пітное вады. Лістам да чыноўнікаў няма канца.

«Мы, канечне, не хочам суседзіць з могілкамі, глядзець на крыжы, піць ваду, атручаную трупнымі атрутамі, і проста – захаваць прыроду ва ўсёй яе велічы, прыгажосці», – кажа жыхарка Путрышак Эрыка Сыч.

А ёсць што захоўваць: шмат якія гатункі раслінаў тут змешчаныя ў Чырвонай кнізе.

Хаця для чыноўнікаў ні расліны, ні таўшчэзныя дрэвы – не перашкода.

«Самае каштоўнае дрэва – гэта дуб. Вырасціць дуб – колькі гадоў патрэбна?! А яго знішчаюць пад пілу – раз, і няма яго», – распавядае Ганна Самойлава з Путрышак.

Высечаныя дрэвы ў дадатак аблілі бензінам і падпалілі. І гэта пры тым, што паблізу – жывы лес і нават газаправод высокага ціску.

«Бачна па дрэвах, як лісце ўсё пагарэла, як агонь пайшоў на лясгас. Але мяне гэта хвалюе больш за ўсё тым, што ў мяне ўнучка інвалід, інвалід па жыцці. У яе такое захворванне, хіба толькі два дзіцёнкі такіх у Беларусі – лізінцэфалія, мікраінцэфалія. І ўгарны газ для яе гэта вялікі алерген», – кажа жыхар Путрышак Віктар Сацук.

Ліставанне з чыноўнікамі, адзначаюць жыхары, ідзе з 2016-га года.

«Мы звярталіся мы ў 2016 годзе ў абласную інспекцыю аховы расліннага і жывёльнага свету, пісалі ў абласную і гарадскую гарадзенскую санстанцыю. Адказваюць нам, як мы лічым, не зусім кампетэнтна і не на тыя пытанні, якія мы ставім перад імі. Потым мы аднавілі перапіску ў 2017 і плаўна перайшлі ў 2018 год. Мы ізноў звярнуліся ў інспекцыю аховы прыроды», – распавядае Святлана Бузыр.

Мы таксама звяртаемся ўва ўсе гэтыя ўстановы і задаём тыя ж пытанні жыхароў Путрышак.

«Жыхары кажуць шмат. Я вам кажу афіцыйна, што ніякіх зваротаў грамадзянаў да нас не паступала ў інспекцыю. Калі там будзе ў нашай кампетэнцыі, то будзем разбірацца», – тлумачыць Вадзім Палякоў з Гарадзенскай абласной і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Магчыма, Вадзім Палякоў забыўся, што асабіста адказваў жыхарам Путрышак. А вось у Абласной інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету Гарадзеншчыны ўвогуле ў каментары адмовілі, сказаўшы, што працуюць выключна з дзяржаўнымі медыямі, а з нашым каналам размаўляць ня будуць. Спачатку прасілі ператэлефанаваць, а потым ужо не адказвалі і ў санстанцыі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»