Аб'ектыў 04.12.2017 Гарадзеншчына з рэгіёну шляхецкіх сядзіб пакрысе ператвараецца ў рэгіён маляўнічых развалінаў


Спадчына без шанцу на адраджэнне. Родавыя маёнткі на Гарадзеншчыне, якія патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі, паступова ператвараюцца ў руіны. Каб давесці сядзібы да ладу, у бюджэце грошай няма, а таму ўлады выстаўляюць маёнткі на аўкцыёны. Штопраўда, нават пры адносна невысокіх цэнах старажытныя палацы з малатка амаль не ідуць.

Маёнтак Бохвіцаў у вёсцы Падароск на Гарадзеншчыне – адзін з нешматлікіх, якому знайшлі гаспадара. Сядзібу выкупіў расейскі інвестар, зацікаўлены ў папулярызацыі беларускай культуры. Пасля рэстаўрацыі тут паўстане музей беларускай шляхты і гатэль. У найбліжэйшых жа планах – адкрыць у комплексе кавярню і краму сувеніраў.

«Я спадзяюся, што вясной будзе прабіты першы квіток, да нас прыедуць наведнікі. Але, не гледзячы на гэта, наведнікі ўжо прыязджаюць. То бок мы прымаем экскурсіі самі, займаемся так званай у турызме экскурсіонкай, таксама мы ўжо прадаем сувеніры, але толькі для тых, хто прыязджае наведваць», – кажа дырэктар маёнтку ў Падароску Андрэй Колас.

Аднак гэтак шанцуе далёка не кожнаму маёнтку. Палац Чацвярцінскіх у Горадні, больш вядомы, як будынак ваеннай пракуратуры, на нядаўніх, ужо шостых па ліку таргах, гэтак і не знайшоў пакупніка.
На думку дырэктара падароскага маёнтку, асноўная прычына, па якой інвестары не ахвотна ўкладаюцца ў культурна-гістарычную спадчыну краіны, – бюракратычны працэс атрымання дазволу на правядзенне тых ці іншых прац.

«Зацягваюцца вельмі працэсы, зацягваюцца таму, што трэба ўсё ўзгадняць. Напрыклад, з Міністэрствам культуры. Таму што гэта помнік гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, ён у спісе помнікаў. І нават колеры, акалічнасці такія – трэба ўзгадняць. І вось гэта ўзгадненне нам перашкаджае», – кажа дырэктар маёнтку ў Падароску Андрэй Колас.

Узгадненне з уладамі, афармленне дакументаў і справаздачнасць расцягваецца звычайна ні на адзін год ды займае адпаведных высілкаў. У сядзібе Бохвіцаў працы па добраўпарадкаванню доўжацца ўжо пяць гадоў. Каб правесці ў маёнтак ваду спатрэбілася зрабіць дзве свідравіны, а для забеспячэння электрычнасцю лінію электраперадач падводзілі адмыслова больш, чым за 500 метраў. Да таго ж працэс рэстаўрацыі – гэта дорага.

Калі набыць сядзібу можна па кошце ад адной базавай да 100 тысяч долараў у сярэднім, то ўжо выканаць умовы аўкцыёну аказваецца па сілах далёка не кожнаму. Гэтак бізнесовец з Іярданіі, што набыў беларускую копію каралеўскага замка ў Лазенках, сутыкнуўшыся са складанасцямі папросту знік.

«Інвестар, які абяцаў залатыя горы і перарабіць Жамыслаўль у турыстычную Мекку, але па невядомых прычынах, прычыны, якія невядомыя сёння ў Беларусі, ён адмовіўся ад рэалізацыі гэтага праекту. Мясцовыя ўлады былі вымушаныя адабраць гэты палац», – кажа кандыдат гістарычных навук Алесь Радзюк.

Сёлета палац у Жамыслаўлі быў зноў прададзены на аўкцыёне, аднак аднаўляць яго зноў не паспяшаліся. Цяпер ён знаходзіцца ў аварыйным стане. Не атрымала шанцу на адраджэнне і сядзіба Багудзенкі. Гэтак пакрысе Гарадзеншчына з рэгіёну шляхецкіх сядзіб пакрысе ператвараецца ў рэгіён маляўнічых развалінаў.

ЮЛ belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары