Аб'ектыў 11.04.2017 Гадавіна тэракту ў менскім метро. Чаму дагэтуль нічога не зразумела?


Шэсць год таму ў менскім метро здарылася адна з самых крывавых трагедыяў у сучаснай Беларусі. Выбух забраў жыцці 15-ці асобаў, больш за дзве сотні былі параненыя. Да сёння не вядома, хто быў замоўнікам тэракту.

Улада цвердзіць, што ўсе вінаватыя ў гібелі людзей атрымалі справядлівыя пакаранні. Незалежныя эксперты кажуць аб шматлікіх пытаннях, якія пакінула расследаванне.

Гэта меўся быць звычайны вечар у беларускай сталіцы

Людзі, як і штодня, вярталіся з працы. Гарадскі транспарт быў перапоўнены. А 17:55 у метро пачынаецца паніка. Пазней становіцца вядома пра выбух. Пасля даходзяць звесткі пра загінулых і параненых. Колькасць загінулых ад выбуху дасягае 15 асобаў

Хутка-шпарка, вось яна разгадка!

А ўжо на другі дзень пасля выбуху кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста паведаміў, што тэракт раскрылі, а ягоныя выканаўцы ўжо ў руках следчых.

З гэтага моманту падзеі пачалі разгортвацца надзвычай хутка. Следства ішло як на мазаных колах, а ўжо ў верасні на лаве падсудных апынуліся меркаваныя тэрарысты Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Праз больш як два месяцы ім прысудзілі найвышэйшую меру пакарання. Канавалава і Кавалёва таксама прызналі вінаватымі ў здзяйсненні шэрагу іншых тэрактаў. Следства і судовы працэс да сёння выклікаюць шмат пытанняў.

«Асноўная прэтэнзія да следчых органаў, што не было арыгіналу відэакасеты. Усё гэта была кампіляцыя. Таксама не было доказаў, што менавіта Канавалаў ішоў з торбай. З запісу незразумелыя ні твар, ні вопратка», – тлумачыць былы следчы Алег Волчак.

Хто замовіў тэракт?

Следства не адказала дасюль на адное з галоўных пытанняў: хто быў замоўцам тэракту?

У медыяпрасторы працягваліся спекуляцыі адносна імавернай датычнасці да выбуху ўладаў Беларусі. Са свайго боку кіраўніцтва краіны шукала і пагражала крымінальнай адказнасцю гэтак званым распаўсюднікам правакацыйных чутак. Аднак і заявы самога Лукашэнкі часам гучалі як мінімум незразумела.

«А тое, што кажуць, што там зрабілі, каб адцягнуць людзей ад праблемаў, – толькі ідыёты могуць гэтак разважаць. Ці сітуацыя настолькі крытычная, што трэба ісці на крайнія захады? Яна не крытычная», – шакаваў сваёй шчырасцю кіраўнік Беларусі.

Вельмі непераканаўча

Ні паказальны працэс, ні вострыя заявы ўладаў, а нават пагрозы ў бок іншадумцаў не пераканалі ўсіх.

«Самы сурʼёзны момант у справе, што гэтыя людзі без вышэйшай адукацыі, без практыкі, без досведу вайсковага здзейснілі цягам 10 гадоў шэраг тэрактаў і ў 2008 годзе, і ў Віцебску. Фактычна яны тэрарызавалі ледзь не ўсю Беларусь», – звяртае ўвагу спадар Волчак.

Адметна, што абсалютная большасць апытаных »Белсатам« жыхароў сталіцы не верыць у версію ўладаў.

Выбух у менскім метро выклікаў і палітычныя наступствы

Тэракт найперш адкрыў новыя магчымасці для пераследу нязгодных.

Неўзабаве пачаліся маўклівыя акцыі пратэстаў. Але іх разгон быў надзвычай брутальны. А ўлады ўвесь час казалі пра неабходнасць дадатковых захадаў бяспекі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: PhotoXpress / Zuma Press / Forum

Глядзі таксама
Каментары