Паехаў у Беларусь і не вярнуўся. Сваякі 19-гадовага жыхара Кіева Паўла Грыба ўпэўненыя, што да ягонага знікнення датычныя расейскія спецслужбы.
«Ён спакойна перакрочыў украінскую і беларускую межы, заехаў у Гомель. І вось у Гомлі яго след знік, і да сённяшняга дня нам да канца невядома, дзе ён знаходзіцца», – кажа Вольга Грыб, сястра Паўла.
З ёй Павал пазнаёміўся ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Гомель выглядаў як месца, вельмі зручнае геаграфічна. Сястра Паўла згадвае, што брат вельмі перажываў за сваю віртуальную сяброўку.
«Ён згадваў, што гэтая дзяўчына знаходзіцца ў складанай сітуацыі, што яе бацькі з ёй неяк няправільна сябе паводзяць, што яна хворая і ёй патрэбныя нейкія таблеткі, ёй патрэбная дапамога. Магчыма, гэты фактар таксама адыграў сваю ролю: ён хацеў ёй неяк дапамагчы», – распавяда Воля.
У гомельскай міліцыі былы ўкраінскі памежнік даведаўся, што Паўла абвесцілі ў расейскі вышук паводле абвінавачвання ў тэрарызме, а справу вядзе ФСБ РФ па Краснадарскім краі, горад Сочы.
«Рэвалюцыю годнасці Паўло сустрэў з надзеяй на змены ў краіне. І пасля вайсковай агрэсіі РФ супраць Украіны ён актыўна пісаў у сацыяльных сетках, часцяком не падбіраў выразаў адносна ворагаў Бацькаўшчыны. Магчыма, гэта і сталася падставаю для правакацыйных дзеянняў ФСБ РФ», – мяркуе Ігар.
Пры гэтым, нягледзячы на тое, што ўкраінскія памежнікі зафіксавалі факт перасячэння хлопцам дзяржаўнай мяжы праз пункт пропуску «Новая Гута – Новыя Ярылавічы», іхныя беларускія калегі цвердзяць, што аніякай інфармацыі пра Грыба-малодшага не маюць, ды сустракацца з Грыбам-старэйшым адмаўляюцца.
«Калі ён быў затрыманы ФСБ на тэрыторыі Беларусі – гэта, канешне ж, незаконна. Калі ёсць крымінальная справа, яго абвяшчаюць у міжнародны вышук, і праз Генеральную пракуратуру Расеі звяртаюцца ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь аб экстрадыцыі. Ён мае права абскардзіць гэтае рашэнне і права на абарону мае», – звярнуў увагу праваабаронца Алег Волчак.
Як прыклад, зноўку ж у Гомлі, выкралі кіроўцу экс-дэпутата Дзярждумы РФ Дзяніса Варанянкова, галоўнага сведкі ў справе аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча і анексіі Крыму. Палітык хаваўся ад пуцінскага пераследу ва Украіне, а выкраданне падначаленага здарылася незадоўга да забойства палітыка. Альбо апошні прыклад чэмпіёна свету па MMA Мурада Амрыева, якому чачэнская паліцыя абвесціла кроўную помсту.
Амбасада Украіны накіравала ноту ў Міністэрства замежных справаў Беларусі з патрабаваннем вызначыць месцазнаходжанне ўкраінскага грамадзяніна.
Валер Руселік, «Белсат», фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum