Аб'ектыў 07.05.2017 Францыя выбрала Эманюэля Макрона


Участкі зачыніліся літаральна некалькі хвілінаў таму. Паводле першых звестак экзіт-полаў, прэзідэнтам Францыі стаў Эманюэль Макрон з папярэднім вынікам 65 %галасоў. А вось Марын Ле Пэн набірае 34 %.

Выбарчыя ўчасткі ў Францыі адчынілі свае дзверы а сёмай раніцы. Другі тур прэзідэнцкіх выбараў. І галоўнае пытанне: цэнтрыст Эманюэль Макрон ці ўльтраправая Марын Ле Пэн?

«Я не падзяляю поглядаў Ле Пэн. Хаця і не галасаваў за Макрона ў першым туры, але было ясна, што прагаласую за яго, калі даведаўся, што сутыкнуся з ім у другім туры», – кажа адзін з выбарнікаў.

«Лічу, што ў нас усе шанцы мець сапраўды цудоўнага кандыдата. Таму французы будуць прыемна здзіўленыя – у любым выпадку», – мяркуе жанчына.

«Ад пачатку я верыў у праграму Макрона, таму я толькі пераканаўся да другога туру ў тым, што было ў першым».

39-гадовы Эманюэль Макрон стаў наймалодшым кандыдатам у гісторыі Францыі пасля 40-гадовага Напалеона Трэцяга. Галоўнае ў ягонай праграме – лагодныя рэформы, будаванне пазіцыі Францыі ў кантэксце Еўразвязу, супраца з Берлінам і Вашынгтонам, а таксама падтрыманне палітыкі санкцыяў у дачыненні Расеі пасля анексіі Крыму.

Экс-кіраўніца «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн, у сваю чаргу, – еўраскептык. Яна выказвае антыміграцыйныя погляды, выступае за выйсце з зоны еўра і Еўразвязу, а на міжнароднай арэне гатовая балансаваць паміж Масквой і Вашынгтонам, схіляючыся да будавання партнёрства з Крамлём.

А таму сённяшнія выбары лёсавызначальныя ня толькі для Францыі, але і для Еўразвязу ды міжнароднае супольнасці. Што толькі пацвярджае ажыятаж на выбарчых участках за межамі Францыі.

«Ня ведаю, ці я веру Макрону, але дакладна больш, чым Марын Ле Пэн».

«Калі б Ле Пэн перамагла, я б была вельмі занепакоеная з нашай будучыні, з будучыні Еўропы, Францыі. Магчыма, гэта найгоршае, што можа здарыцца. Вельмі непакоюся».

Упершыню кандыдаты – з па-за галоўнае палітычнае плыні Францыі. А дзейны прэзідэнт Франсуа Алянд сыходзіць з рэкордна нізкім падтрыманнем ды ўпершыню ў гісторыі Францыі не ўдзельнічае ў выбарах другі раз.

«Перад нашаю краінай – складаныя задачы, якія мы разам пераадолелі, а майму пераемніку давядзецца працягнуць маршрут з уласнымі прапановамі. Карыстаючыся французскім словам «марш», імя Эманюэля Макрона замяняецца ў «марш»– ва ўсіх значэннях гэтага слова», – кажа прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд.

Гэта відавочны голас падтрымання. Але ўплыў на вынік мелі шмат якія чыннікі. Сярод іх – пытанне бяспекі ды тэрарызму. Сённяшнія выбары прайшлі пры беспрэцэдэнтавых захадах бяспекі. Па ўсёй Францыі за парадкам сачылі каля 50 тысяч паліцыянтаў. А перад галасаваннем пошту штабу Макрона ўзламалі хакеры. Выцекла 9 гігабайтаў інфармацыі. Партал «Вікілікс» паведаміў пра расейскаі след атакі.

«Для мяне гэта не мела ніякага значэння. Напярэдадні выбараў гэта павінна было дэстабілізаваць сітуацыю. Нават ня ведаю, ці гэта законна. Лічу, што гэта ня будзе мець уплыву на выбары», – кажа адзін з выбарнікаў.

Дакладна даведаемся праз некалькі гадзінаў, калі зʼявіцца афіцыйны вынік. Але, без сумневу, больш важнымі стануць чэрвеньскія парламенцкія выбары. Бо прэзідэнт мае ў Францыі абмежаваныя магчымасці. Інаўгурацыя ж новага кіраўніка мае адбыцца цягам бліжэйшых дзесяці дзён – незалежна ад канчатковага выніку.

 

Сяргей Падсасонны, «Белсат»;  фота вокладкі – REUTERS

Глядзі таксама
Каментары