Аб'ектыў 20.03.2017 Эрдаган пасварыўся з немцамі і назваў іх нацыстамі


Прэзідэнт Турцыі ізноў шакуе. Ён абвінаваціў канцлерку Нямеччыны ў выкарыстанні нацысцкіх метадаў. І гэтым разам Берлін адказвае востра – нават як для мовы дыпламатыі. Эрдаган перайшоў мяжу, за якою будаваць партнёрскія стасункі будзе вельмі складана.

30 000 галасоў супраць Рэджэпа Эрдагана

Курды Нямеччыны пратэставалі ў Франкфурце.

«Нам не патрэбны Эрдаган. Ягоныя людзі ідуць сказаць »так«, а мы кажам «не, не, не». Я супраць Эрдагана. І кропка. Ён дыктатар».

«Мы выказваем наш пратэст супраць Эрдагана і ягонага рэферэндуму ў красавіку. Мы абсалютна супраць гэтага».

– выказваліся пратэстоўцы.

А сам прэзідэнт Турцыі атакуе за дазвол такіх пратэстаў, але забарону акцыяў ягонага падтрымання ў Нямеччыне ды Нідэрландах з удзелам турэцкіх палітыкаў. Гэта, паводле Анкары, сведчыць нават пра падтрыманне Нямеччынаю тэрарыстычнае арганізацыі, якая стаіць за спробаю путчу летась у ліпені.

«Гэта галандская ментальнасць. Яны пачуваюцца некамфортна, калі мы называем іх фашыстамі. Яны пачуваюцца нядобра, калі мы кажам, што гэта настроі фашыстаў. А Мэркель іх падтрымлівае. Гэта нацысцкія метады», – зазначыў прэзідэнт Турцыі.

Гэткія словы не прайшлі без увагі

Намесніца старшыні партыі Хрысціянска-дэмакратычны звяз, лідаркаю якой ёсць Мэркель, пытае, ці Эрдаган не зварʼяцеў. Ёсць і афіцыйная заява Берліну.

«Мы талерантныя, але не дурныя. Я абсалютна ясна сказаў свайму турэцкаму калегу Мэўлюту Чавушаглу, што была пяройдзеная пэўная мяжа», – дыпламатычна заявіў Зігмар Габрыель, міністр замежных справаў Нямеччыны.

Яблык разладу – канстытуцыйны рэферэндум у Турцыі

На плебісцыт 16-га сакавіка вынеслі 18 паправак у канстытуцыю. Галоўнае – пераход ад парламентарызму да прэзідэнцкае рэспублікі, ліквідацыя пасады прэмʼера ды рэформа судоў. А гэта, па сутнасці, неабмежаваная ўлада для Эрдагана. Нідэрланды і Нямеччына, дзе жывуць вялікія турэцкія меншасці, не дазваляюць на сваіх тэрыторыях агітацыі за гэты рэферэндум.

«Калі гэтыя канстытуцыйныя змены пройдуць на рэферэндуме, Турцыя хутка пачне падаць у аўтакратыю. Таксама пасля гэтага, ясная рэч, адбудзецца паварот да чыстае дыктатуры», – тлумачыць Мітхат Санджар, турэцкі апазіцыйны дэпутат.

Дыпламатычныя стасункі Анкары з Нідэрландамі былі прыпыненыя

Цяпер абвастрэнне з Берлінам. Для Захаду гэта двайная праблема, бо Турцыя мае найвялікшае пасля ЗША войска ў НАТО, а таксама ёсць барʼерам для мігрантаў, якія заліваюць Еўропу. Да таго ж, на канфлікце з Турцыяй можа спрабаваць згуляць Масква.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Murad Sezer / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары