«Эканоміка ў ср...цы! Які космас?» Беларусы пра касмічны карабель Мясніковіча


Беларусь сталася касмічнаю дзяржавай яшчэ ў 2012-ым годзе, калі на арбіту вывелі першы айчынны спадарожнік. Ляталі да зораў і нашыя суайчыннікі. Між тым задавольвацца з дасягнутага ўлады краіны не збіраюцца.

Рамантыка савецкага разліву не пакідае ўлады Беларусі

Наўздагон «мірнаму атаму» яшчэ адною прыярытэтнаю галіной айчыннай эканомікі чыноўнікі вызначылі… скарэнне космасу.

«Перш чым высвятляць, наколькі рэальныя гэтыя планы, хацелася б высветліць, куды і навошта мы паляцім. Калі гаворка пра тое, каб выйсці па-за межы стратасферы, там пабоўтацца і вярнуцца на Зямлю, то, верагодна, аніякага сэнсу з гэтага не будзе», – тлумачыць эканаміст Леанід Фрыдкін.

Улады больш аптымістычныя за незалежных экспертаў

З космасу можна фатаграфаваць Зямлю і прадаваць здымкі ўсім зацікаўленым. Гэтак, паводле старшыні Савету Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, першы беларускі спадарожнік, выведзены на арбіту пяць гадоў таму, працуе настолькі паспяхова, што ўжо не толькі акупіў сябе цалкам, але і дазволіў зарабіць $ 8 млн. Таму тэрмін эксплуатацыі апарата працягнулі папярэдне да канца наступнага года і шукаюць грошы на яшчэ адзін спадарожнік. І гэта яшчэ не ўсё.

«Чарговым сур’ёзным крокам можа быць наш касманаўт у космасе. …У будучыні, я не выключаю, што мы будзем мець магчымасць самастойна выйсці ў космас са сваім касмічным караблём. І гэта не фантастыка», – здзівіў прысутных Мясніковіч.

А вось і фантастыка!

У гэтым перакананы галоўны рэдактар выдання «Экономическая газета». Карабель – гэта не спадарожнік за заяўленыя $ 180 млн. кошту, а частка цэлае касмічнае сістэмы. То бок мільярды долараў. Менавіта таму большасць касмічных праграмаў ува ўсім свеце не акупіліся дасюль.

«Выдаткі для многіх праектаў сталіся галоўным тормазам. Ёсць свае касмічныя праграмы, скажам, у Кітая, Еўразвязу, Японіі. Але часцяком яны маюць характар або іміджавы, або ваенны», – распавёў Леанід Фрыдкін.

Зямныя праблемы звычайных людзей

Простыя беларусы, якіх хоць часцяком і называюць нацыяй паэтаў, да зораў ляцець, аднак, не спяшаюцца.

«Я бы выдаткаваў грошы на эканоміку: яна ў нас у поўнай ср…цы. Які космас?!»

«Мы дагэтуль не можам зрабіць трактар з кандыцыянерам, а не тое, што адправіць касмічны карабель у космас».

– выказаліся жыхары Менску.

Вось толькі ці пад сілу ўладам нашае краіны зрабіць жыццё звычайнага беларуса сапраўды лепшым? Ці і сапраўды лягчэй да зораў даляцець?

Валеры Руселік, «Белсат», фота: Isakova Anna / TASS / Forum