Аб'ектыў 03.01.2017 Эканаміст: «Абʼектыўны курс долара два з паловай а не два»


Нафтапрадукты і ўгнаенні. Абвал сусветных коштаў на гэтыя два асноўныя рухавікі беларускага экспарту істотна спрычыніўся да леташняга падзення айчыннай эканомікі. Але ў апошнія месяцы сітуацыя на гэтых рынках нарэшце пачала наладжвацца.

Калійны рынак хоць і не паказвае істотных паляпшэнняў, але пасля пяцігадовага падзення, магчыма, намацаў дно. Пачынаючы з верасня, кошт гэтых угнаенняў замацаваўся на ўзроўні 215 долараў за тону і болей не падае. А каціроўкі нафты намацалі сваё дно яшчэ год таму. Летась вуглевадароды падаражэлі амаль удвая. Цяпер іх кошт – 58 долараў за барэль. Свой пазалеташні ўзровень ён абагнаў яшчэ ў кастрычніку. Але, не зважаючы на гэта, агульная сітуацыя з беларускім замежным гандлем усё адно працягвае пагаршацца. Імпарт расце хутчэй за экспарт, і валюта выцякае з краіны яшчэ больш імкліва, чымся ў 2015-ым годзе.

АЛЯКСАНДР АБУХОВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

«Галоўны вынік мінулага году, што мы сталі інтэнсіўна страчваць расейскі рынак. Выявілася, што расейцы з адкрутачнай зборкай кітайскай камплектацыі і самі спраўляюцца».

Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі да ВУПу пагоршылася летась на траціну. Калі за 11 месяцаў 2015 года яно забрала з нашай эканомікі 6 адсоткаў, то летась – ужо восем адсоткаў ад ВУПу. І гэта на фоне доўгачаканага падʼёму глабальных рынкаў сыравіны ды эканамічнага росту ў бальшыні рэгіёнаў свету. Эканоміка Еўразвязу вырасла летась больш як на паўтара адсотка, Злучаных Штатаў – на тры з паловаю, а кітайская – амаль на сем. Афіцыйны Менск, аднак, упарта сцвярджае, што эканамічны крызіс у Беларусі спрычыняцца замежнымі чыннікамі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Мы жывем у адкрытай краіне. І, перадусім, таму, мы сталі закладнікамі той эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнёраў».

Штопраўда, расейская эканоміка ўсё яшчэ паказвае спад. Па выніках года, як чакаецца, – на палову адсотка. Але асобныя галіны аднаўляюцца і там. Гэтак, тамтэйшы рынак цяжкавікоў у лістападзе рвануў угару на траціну, а па выніках 11-ці месяцаў года вырас на два адсоткі. Але пастаўкі МАЗу туды, наадварот, упалі амаль на адну дзясятую. За апошнія чатыры гады доля айчыннага вытворцы на расейскім рынку скарацілася больш як удвая. Падзенне экспарту беспасярэдне адбіваецца на гаманцах беларусаў.

АЛЯКСАНДР АБУХОВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

«Са стану нашага экспарту за мінулы год на ўзроўні трыццаці мільярдаў долараў вынікае, што максімальны дапушчальны ўзровень бюджэту – для нас – на ўзроўні 22 трыльёнаў рублёў. А ён у нас 30. Рэальна гэта азначае, што ўжо сёння абʼектыўны неабходны курс долара – два з паловай, а не два».

Паводле даследчага інстытуту Міністэрства эканомікі, за апошнія 20 гадоў, непрыватызаваныя беларускія прадпрыемствы адсталі, у справе тэхналогіяў, ад сваіх канкурэнтаў у развітых краінах утрая. Паводле прадуктыўнасці працы, як вынік, адстаем у пяць – шэсць разоў. Міжнародныя крэдыторы Беларусі папярэджваюць, што з кожным годам адкладання рынкавых рэформаў гэтае адставанне будзе павялічвацца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары