Эканамічны форум у Менску: чыноўнікі ды аналітыкі прагнуць рэформаў


Кастрычніцкі форум чацвёрты год запар збірае ў Менску групу адмыслоўцаў у галіне эканомікі і палітыкі з розных краінаў свету з адною мэтай – рэфармаваць беларускую гаспадарку і зрабіць яе больш эфектыўнай.

Адкрыццё канферэнцыі пачалося без уступнага слова Мікалая Снапкова – намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. Палітык спазніўся на пачатак на 45 хвілінаў. Сімвалічна, улады спазняюцца з рэформамі, Снапкоў на форум па іх, – жартавалі ў кулуарах імпрэзы.

Эксперты супраць новых пазыкаў

Першая панэль і адразу крытыка ў бок беларускіх уладаў з боку Bas Bakker – прадстаўніка Міжнароднага Валютнага Фонду ў Цэнтральнай і ўсходняй Еўропе. Краіна неэфектыўна выкарыстоўвае крэдыты і інвестыцыі, якія не перакладаюцца на адпаведна высокі рост эканомікі. Выснова наступная – адныя новыя пазыкі гаспадарцы не дапамогуць.

Графікі даводзілі – гаспадарка Еўразвяза расце, заробкі паўсюдна павялічваюцца, беларуская афіцыйная рыторыка аб крызісе ў рэгіёне адарваная ад рэальнасці. А вось для нас прагноз МВФ несуцяшальны, у 2017 годзе Беларусь застанецца адзінай краінай рэгіёну ў рэцэсіі. А таму трэба быць больш рашучымі ў правядзенні рэформаў.

«Мае назіранні такія, гэты форум, чацвёрты ўжо, прыцягвае ўсё большую колькасць удзельнікаў, больш увагі медыяў, але ці гэта перакладаецца на нейкія палітычныя рашэнні ўладаў, гэтага адназначна сказаць не магу» – выказаўся Марэк Дамброўскі, цэнтр сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE.

Прайшліся па Расеі

Дасталося на форуме і нашым маскоўскім «саюзнікам». Спікеры з Расеі адкрыта казалі пра тое, што доля краіны ў сусветнай гаспадарцы будзе змяншацца, а прывязанасць Беларусі да ўсходняй суседкі негатыўна ўплывае на наш дабрабыт.

Ці зробяць улады адпаведныя высновы з ацэнак замежных экспертаў? Невядома. Прысутны на імпрэзе першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі сказаў, што ўрад і так дастаткова робіць дзеля паляпшэння сітуацыі ў краіне. Маўляў, больш радыкальныя захады – не беларускі варыянт. Але арганізатары канферэнцыі і так кажуць пра пэўны поспех ды эфект ад гэтае падзеі.

«Мы паказваем і ствараем магчымасці – сітуацыя змянілася з боку ўладаў і з боку грамадства. Добра што ўвогуле ёсць пляцоўка, дзе сядзяць і ўлады разам з экспертамі ці вось тут «Гавары праўду» размаўляюць усе паміж сабой», – дадаў Аляксандр Чубрык, арганізатар форуму.

Эксперты кажуць, Кастрычніцкі форум прызваны нагадваць нашым чыноўнікам, якія не хочуць нічога мяняць у палітыцы і гаспадарцы, што цягнік у светлую будучыню, адʼедзе згодна з раскладам. З Беларуссю ці без гэта ўжо іншае пытанне.

Ігар Кулей, «Белсат»