Эканамічная супраца з Кітаем правальваецца


Адзін з беларускіх банкаў можа стаць кітайскім. Як паведаміў прэм’ер Андрэй Кабякоў, урад і партнёры з КНР вядуць перамовы аб продажы аднаго з двух дзяржаўных банкаў. Што дагэтуль дасягнулі ў двухбаковай супрацы і ці варта чакаць карысці для нашай краіны ў будучым?

Паспяховая праца на больш як мільярд долараў атрымае свой працяг. Беларускія ўлады прапануюць Кітайскай дзяржаўнай інвестыцыйнай групе «CITIC» правесці мадэрнізацыю кардоннай фабрыкі ў горадзе Добруш.

Дагэтуль названая кітайская кампанія выканала ў Беларусі будаўнічых праектаў больш, чым на мільярд долараў, пазычаных афіцыйным Менскам у Кітайскіх банкаў.

Найвялікшы праект – мадэрнізацыя трох цэментавых заводаў. Адзін з іх, Крычаўскі, спрацаваў летась з чыстай стратай на 70 млн рублёў. Гэта – больш, чым плануецца сёлета выдаткаваць з рэспубліканскага бюджэту на агульную сярэднюю адукацыю. Страты Краснасельскага прадпрыемства – удвая большыя, пры тым, што ў 2006-м годзе, да кітайскай мадэрнізацыі, гэтае прадпрыемства працавала з прыбыткам. Касцюковіцкі завод павялічыў летась свае страты ўдвая – да 40 млн рублёў.

«Атрымліваецца, што пралікі самога інвестпраекту выраклі нашыя цэментныя заводы на страты», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Апрача гэтага кітайская будаўнічая карпарацыя на грошы, пазычаныя ўрадам у кітайскіх банкаў, пабудавала завод «Белджы» і мадэрнізавала Аршанскі ільнокамбінат. Фінансавую справаздачнасць гэтых кампаніяў улады не публікуюць. Але вядома, што «Белджы» цяпер вырабляе адну сотую ад запланаванага абʼёму аўтамабіляў, а Аршанскі завод прастойвае адну змену з трох з-за недахопу сыравіны. Нягледзячы на пералічаны досвед, цяпер улады прапануюць кампаніі «CITIC» узяцца за праваленую мадэрнізацыю Добрушскай кардоннай фабрыкі. Яе пачала ў 2012-м годзе кітайская кампанія «Сюань Юань», але завод дагэтуль ня ўведзены ў эксплуатацыю. Улады тлумачаць правал тым, што «Сюань Юань» ня меў ранейшага досведу рэалізацыі такіх буйных праектаў.

«Пакуль ня бачна канца і краю, таму, камінг-аўт ураду, які прагучаў нядаўна з гэтай нагоды, выглядае проста сакрушальна», – мяркуе Леанід Фрыдкін.

Што тычацца зацікаўленасці «CITIC» у тым, каб укласці ўласныя грошы ў адзін з беларускіх банкаў, гэтая інфармацыя пакуль гучыць толькі з вуснаў айчынных урадоўцаў. У кітайска-беларускім індустрыяльным парку, чыім рэзідэнтам цяпер стаў і «CITIC», нягледзячы на беспрэцэдэнтныя падатковыя ільготы, не пабудаваны аніводзін кітайскі завод. Сярод прычынаў адмыслоўцы называюць ненадзейны дзелавы клімат і тое, што Беларусь не зʼяўляецца чальцом Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu