Аб'ектыў 31.01.2018 ЕГУ закрыюць? Былы выкладчык: праблема ў прэзідэнце


Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, што месціцца ў Вільні, працягне сваю дзейнасць прынамсі да ліпеня наступнага года. Такое рашэнне прыняў урад Літвы, які сёння разглядаў пытанне, ці пакінуць у моцы дазвол на ажыццяўленне навучання.

Пасля акрэсленага тэрміну ЕГУ можа падаць заяўку на новы дазвол

Аднак, як зазначыў прэм’ер краіны, спачатку ўніверсітэт мусіць, цытата, выканаць тое хатняе заданне, якое не зробленае.

«Мы кажам пра кіраванне, менеджмент, па сутнасці, не толькі пра навучальны працэс. Я мяркую, што новае кіраўніцтва ўніверсітэту, якое будзе, будзе сапраўды здольнае выправіць памылкі, і ўніверсітэт зможа далей працаваць», – падзяліўся Саўлюс Сквярняліс.

Добрыя для ЕГУ навіны прыйшлі і з боку донараў

Напярэдадні Еўразвяз падпісаў дамову са Шведскім агенцтвам міжнароднай супрацы.

«Яно дзее да кастрычніка 2019 года, і ў межах яго будзе аказвацца дапамога ЕГУ. Пазіцыю наконт далейшага фінансавання Еўразвяз прыме з улікам зменаў, якія адбудуцца ў найбліжэйшыя паўтара года і пасля абмеркавання з Цэнтрам ацэнкі якасці навучання», – патлумачыла Агне Казлаўскайце, кіраўніца групы ў сувязях з медыямі прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Літве.

Менавіта Цэнтр адзнакі якасці навучання Літвы летась зафіксаваў хібы ў стратэгічным кіраванні ды навуковай дзейнасці ЕГУ. Непахвальны водгук універсітэт атрымаў таксама падчас папярэдняга правярання ў 2014 годзе. Паўторная негатыўная адзнака і сталася падставаю для абмеркавання скасавання дазволу на дзейнасць.

Праблема ў адной асобе?

Былы выкладчык і старшыня Сейму ЕГУ бачыць галоўнаю праблемай асобу заснавальніка і экс-рэктара, а цяпер прэзідэнта ўніверсітэту.

«Таму што фактычна Міхайлаў прыватызаваў гэты ўніверсітэт, зрабіў яго сваёй уласнасцю і вакол сябе ён пакінуў не спецыялістаў, не дасведчаных людзей, а тых, хто ўмее яму добра дагаджаць. І тое, што зараз адбываецца ва ўніверсітэце – гэта заканамерны вынік вось гэтай палітыкі», – кажа Павел Церашковіч.

Крытыка на адрас ЕГУ моцна прагучала ў 2013-ым, калі разгарэўся канфлікт паміж кіраўніцтвам і выкладчыкамі ўніверсітэту. Апошнія ўказвалі на аўтарытарны спосаб кіравання і выключэнне іх з працэсу прыняцця рашэнняў. Паводле адміністрацыі ўстановы, усе хібы выправілі падчас рэформы цягам апошніх двух гадоў.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vidmantas Balkunas / Anzenberger Agency / Forum

Глядзі таксама
Каментары