Аб'ектыў 01.01.2018 «Дзіч, якую будзе відаць з усіх канцоў гораду». На Кастрычніцкай плошчы пабудуюць шматфункцыйны комплекс


Прывабнае месца доўга не пустуе. Гэтак пасля зносу музею Вялікай Айчыннай вайны інвестара знайшлі і на вызваленую пляцоўку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. З’явіцца ж тут мае шматфункцыйны комплекс, які мусіць спалучыць офісы, гандлёвы цэнтр, рэстаран на даху ды падземны паркінг.

Жыхары Менску кажуць:

«Будынкі, якія з’яўляюцца помнікам архітэктуры, проста знікаюць на фоне такіх гандлёвых цэнтраў. Гэта тое самае, як пабудавалі гасцініцу за цыркам».

«Гэта не зусім упісваецца, такі будынак масіўны дастатковы ў параўнанні з палацам прафсаюзаў».

«Па-першае, не прыгожа. Па-другое, не ўпісваецца. Па-трэцяе, колькі ж можна гэта будаваць?»

Згодна з пашпартам аб’екту, БК Капітал-Цэнтр мае паўстаць праз два гады, на яго будаўніцтва вылучылі каля 40-ка мільёнаў долараў. За асваенне тэрыторыі ўзялася кампанія «Белінтэ-Робэ», што ўваходзіць у будаўнічы «Дана-холдынг», найбольш вядомы праектамі «Маяк Менску» ды «Менск мір».

Некалі хвалю абурэння грамадзянаў выклікала і будаўніцтва ў сэрцы сталіцы дзесяціпавярховага офісу кампаніі «Вэлком». Будынак жа, што з’явіцца побач, будзе вышэйшы ды перакрые адсюль від на Палац прафсаюзаў.

Паводле апытаных менчукоў, на месцы былога музею Вялікай Айчыннай яны б бачылі сквер. Згодна з Генпланам Менску, тут і мелася заставацца зялёная зона. Аднак чыноўнікі палічылі іначай.

«Людзі не разумеюць, што такое ордэр, што там ёсць стылістыка палацу прафсаюзаў, няма архітэктурнага кроку …. Дзіч, якую будзе відаць з усіх канцоў гораду», – адзначае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Перад фактам будаўніцтва паставілі не толькі жыхароў гораду.

«Я дакладна ведаю, што пытанне не разглядалася на горадабудаўнічым савеце, які існуе пры гарвыканкаме. І там разглядаюцца фактычна ўсе сур’ёзныя аб’екты, якія плануюцца будаваць», – кажа архітэктар Лявонцій Зданевіч.

Не падавалі праект на экспертызу ані ў Міністэрства культуры, ані ў галоўнае ўпраўленне архітэктуры Менску.

«Галоўнае ў архітэктуры зрабіць выбар па маштабу. Маштаб жахлівы. Няправільны, спрачаецца з маштабам палаца рэспублікі, не кажучы пра тое, што ён задушыў палац прафсаюзаў», – кажа архітэктар Лявонцій Зданевіч.

Адмыслоўцы ў галіне архітэктуры ды горадабудаўніцтва, а таксама мастацтвазнаўцы плануюць змагацца за твар гораду ды накіроўваюць лісты ў адпаведныя органы, а таксама неўзабаве распачнуць збор подпісаў за адмену будоўлі.

 

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары