Афіцыйны Дзень Незалежнасці – свята не для ўсіх. На ўласнай скуры адчулі гэта сёння актывісты ў Барысаве, Мастах і Гомлі.
Сёння ў горадзе над Сажом на мясцовым пляжы мелася адбыцца чарговая акцыя салідарнасці, анансаваная напярэдадні. За дзесяць хвілінаў да яе пачатку ажно сямёра міліцыянтаў гвалтам затрымалі актывістку і фельчарку хуткай дапамогі Алену Давыдаву.
Затым на пляжы затрымалі яшчэ аднаго актывіста – Аляксея Раманава, якому ў пастарунку зрабілася дрэнна. У выніку затрыманняў акцыя была сарваная, хоць і планавалася як бяскрыўдная і забаўляльная.
«Пісаць на балоніках «3 %», выйсці з тапкамі ды пісаць на пяску і дрэвах «3 %», на ўлётачках – такая жартоўная форма», – дзеліцца нерэалізаванымі планамі гомельскі актывіст Валер.
У Мастах да чальца ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, Аляксандра Мілюка, які вяртаўся дадому з няпоўнагадовым сынам, пачаў чапляцца незнаёмы мужчына, абражаючы актывіста нецэнзурна ды патрабуючы ў яго нейкія грошы.
Пры гэтым міліцыянты, якія неўзабаве пад’ехалі да месца інцыдэнту, забралі не толькі правакатара, але і… актывіста. Аляксандра Мілюка даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання і пакінулі да суда, які адбудзецца толькі ў панядзелак у Скідзелі. Тамсама апынуўся сёння і яшчэ адзін чалец каманды Ціханоўскай – Яўген Клімук, у якога на днях сканфіскавалі аўта і тэлефон за язду са сцягам.
А ў Барысаве затрымалі трох чалавек, апранутых у кашулькі з надпісам «3 июля», стылізаваных пад «тры адсоткі». Неўзабаве іх, аднак, выпусцілі.
Валера Руселік, «Белсат»
Фота: facebook.com/symbalby