Топ і антытоп пяці галінаў гаспадаркі, дзе можна зарабіць у некалькі разоў болей (або меней), чым абяцае кіраўнік дзяржавы. Пасля апошняе справаздачы Белстату па заробках Ігар Кулей фармулюе галоўнае пытанне да беларусаў напярэдадні Новага года.
Паводле Белстату, сярэдні намінальны налічаны ў жніўні па краіне заробак складаў Br 844,40. Праўда, рэальна беларусы атрымліваюць менш, бо з гэтае сумы трэба яшчэ адлічыць падатак. Калі прасачыць за ростам прыбыткаў беларусаў, без уліку інфляцыі за 8 месяцаў гэтага года ён склаў даволі сціплыя 3,2 %.
«З пункту гледжання тэорыі, нават гэты рост – празмерны, бо эканоміка, паводле дадзеных статыстыкі, вырасла толькі на 1 %, і то гэта – сумнеўныя дадзеныя», – кажа эканаміст Леанід Марголін.
Як жа такімі тэмпамі выконваць загад кіраўніка краіны, які, ледзь не кожныя два тыдні дае ўстаноўку – то на Br 500, то на 1000.
У некаторых галінах гаспадаркі заробкі ўжо даўно перавышаюць тысячу.
Налічаныя заробкі па відах эканамічнай дзейнасці ў жніўні 2017 года (у беларускіх рублях):
Горназдабываючая прамысловасць – 1475
Хімічная вытворчасць – 1619
Нафтаперапрацоўка – 1359
Паветраны транспарт – 2397
Інфармацыя і сувязь – 2332
Але не кожнаму пашчасціла быць праграмістам, пілотам або нафтавіком. Нашмат больш беларусаў працуе ў месцах, дзе заробкі выглядаюць зусім інакш.
Налічаныя заробкі па відах эканамічнай дзейнасці ў жніўні 2015 года (у беларускіх рублях):
Праца бібліятэк, музеяў, іншых культурных установаў – 448
Паслугі цырульні і салонаў прыгажосці – 467
Рыбаводства – 500
Водны транспарт – 575
Адукацыя – 528
Напярэдадні святаў улады зробяць выгляд, што дасягнулі запланаванага паказніку. Толькі ці зробяць выгляд беларусы, што ўсе па Br 1000 атрымалі?
Ігар Кулей