Аб'ектыў 19.07.2017 Дыялог з Лукашэнкам. Захад не слухае беларускай апазіцыі


Спачатку – сустрэчы ў беларускім Міністэрстве замежных справаў і толькі ўчора ўвечары – спатканне з апазіцыяй. Час, калі парадак сустрэчаў еўрапейскіх гасцей быў іншы, мінуў. Беларускія дэмакратычныя сілы тлумачаць: Еўразвяз выступае пасярэднікам у беларускім дыялогу.

Дыялог без пасярэднікаў у беларускіх палітычных сілаў атрымліваецца кульгавы. Але цяжка не заўважыць, што цікаўнасць да прапановаў беларускай апазіцыі на Захадзе істотна зменшылася.

«Сустрэчы з апазіцыяй, грамадзянскай супольнасцю ператварыліся ў такі рытуал, каб паказаць, што ўсё ж такі працэс нармалізацыі ідзе і старыя партнёры не забытыя, але відавочна, што ўсё больш і больш увагі надаецца кантактам з афіцыйным Менскам», – перакананы палітычны эксперт Арсен Сівіцкі.

Еўрапейскіх палітыкаў непакояць рэпрэсіі

Тым не менш Богдан Здраеўскі – лідар дэлегацыі Еўрапарламенту з Еўрапейскай народнай партыі – прызнае наяўнасць праблемаў.

«Еўрапейскіх палітыкаў непакояць пэўныя арэлі: з аднаго боку ідзе вызваленне палітвязняў, а з другога мы бачым рэпрэсіі ў лютым і сакавіку ў адказ на пратэсты супраць дэкрэту аб дармаедстве», – зазначыў спадар Здраеўскі.

Нічога новага для дачыненняў на лініі Брусэль – Менск

Аднак акрамя спадара Здраеўскага ў складзе дэлегацыі ў Менск завітаў Андрэй Мамыкін з латвійскай левацэнтрысцкай партыі «Сасканя» «Згода» і прадстаўніца руху «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» Таццяна Жданок. Іхныя арганізацыі займаюць адкрыта прарасейскія пазіцыі, што адчувалася нават у Менску.

Але развязваць праблемаў Менску Брусэль не збіраецца. Богдан Здраеўскі патлумачыў «Белсату», што ў Брусэлі «глядзяць на Беларусь не тое каб з непакоем, а з вялікім зацікаўленнем, не зважаючы на тое, што самая мае свае праблемы – брэкзіт, тэрарысты, мігранты. Таму тое, што такая цікаўнасць да Беларусі захоўваецца, для самой Беларусі – добры знак».

То бок у Еўразвязу хапае ўласных праблемаў, але, паводле экспертаў, уласна дэманстрацыя гатовасці Брусэлю да дыялогу з Менскам – толькі на карысць нашай краіне.

«Чым больш Захад будзе ангажоўваць Менск такімі кантактамі, тым больш шанцаў, што ў Беларусі ня зʼявяцца новыя палітвязні, то бок мне здаецца, што на Захадзе гэта таксама разумеюць», – падсумоўвае Арсен Сівіцкі.

Затое кіраўнік Беларусі можа зʼявіцца на лістападаўскім саміце «Усходняга партнёрства», што адбудзецца ў Брусэлі. Еўрадэпутаты распавялі беларускім апазіцыянерам, што такі варыянт усцяж разглядаецца.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары