Аб'ектыў 24.11.2017 Два гады спатрэбілася, каб дзецям дазволілі беларускамоўны садок


З праблемаю навучання дзяцей на роднай мове Юлія Сівец сутыкнулася, калі ўзнікла неабходнасць аддаць сына ў дзіцячы садок. У беларускамоўнай групе, што ў садку № 160 Гомля, маленькаму Стасю не знайшлі вольнага месца.

Каб адкрыць групу, трэба было знайсці аднадумцаў

Дзіцячых садкоў, дзе б выхоўвалі цалкам на роднай мове, у Беларусі папросту не існуе. Аднак некаторыя дашкольныя навучальныя ўстановы маюць беларускамоўныя групы. Іх колькасць на краіну складае 12,7 %. У Гомлі ж сярод 500 груп у дзіцячых садках беларускамоўная толькі адна. Планавы набор у яе адбываецца раз на 4 гады.

«Калі гэта будзе група для трох гадоў, то тады сэнс запісвацца тым, каму ўжо 4-5 гадоў? То бок самыя ўлады і чыноўнікі не ведаюць, што рабіць з намі, беларускамоўнымі», – скардзіцца маці Юлія Сівец.

Права абіраць мову навучання – прадугледжвае закон

Аднак на практыцы спыніць выбар на мове роднай досыць складана. Галоўную ролю тут адыгрывае афіцыйнае месца жыхарства. Пажаданні бацькоў прымаюць беспасярэдне ў дзіцячым садку. І, калі сярод іншых заяўнікаў, якія адносяцца да пэўнай установы паводле хатняга адрасу, знойдзецца не менш як 20 ахвотнікаў вучыцца па-беларуску, – групе быць. Стварыць жа іншую сістэму ўліку беларускамоўных дзяцей у Гомлі – на ўзроўні гарвыканкаму – цягам двухгадовых высілкаў удалося мясцоваму Таварыству беларускае мовы разам з Гомельскім дэмакратычным форумам.

«Гэтая чарга пакажа, што ёсць не адзіны чалавек, якому трэба знайсці яшчэ 19 для стварэння групы, а ёсць ужо пэўная колькасць людзей, яны стаяць адзін за адным, і яны ўсе хочуць беларускамоўнай адукацыі. І ўжо на месцы гарвыканкам будзе вырашаць, у якім садку, што там будзе за выкладчык, у якім раёне, і гэтак далей», – тлумачыць Алеся Аўласевіч, старшыня ТБМ у Гомлі.

На думку Юліі Сівец, цалкам развязаць праблему дапамагло б стварэнне аднаго беларускамоўнага садка ў горадзе. Жанчына пакуль мала давярае прапанаванай агульнай сістэме ўліку. Аднак надзея на развязанне сітуацыі ёсць. Праз службу «Адно вакно» гарвыканкаму ў чаргу на беларускамоўнае навучанне ўжо пачалі запісваць дзяцей. Згодна папярэднім звесткам, у наступным годзе плануюць адкрыць дзве групы з навучаннем па-беларуску: у Савецкім раёне для дзяцей 3-4-ох гадоў і рознаўзроставую – у Чыгуначным раёне Гомля.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары