Другі дзень запар беларусы заваёўваюць медалі на Алімпіядзе


Да золата ў лыжнай акрабатыцы нашай Ганны Гуськовай сёння ў скарбонку дадалася срэбная ўзнагарода ў біятлоне, яна дасталася трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы Сочы Дар’і Домрачавай.

Сёння дзяўчаты выяўлялі наймацнейшую ў масавым старце. Дар’я Домрачава дапусціла адзіны промах на трэцім агнявым рубяжы ды адстала на 19 секундаў ад прадстаўніцы Славаччыны Анастасіі Кузьміной, у якой золата і таксама адно штрафное кола. Бронза – у нарвежкі Тырыль Экгоф. У колькасці заваяваных медалёў на Алімпіядах Даша зраўнялася са славутаю Кацярынаю Карстэн – у іх па 5 узнагародаў. Адзначу паспяховы выступ у масавым старце нашай Надзеі Скардзіны, якая фінішавала сёмаю. У Ірыны Крыўко гонка не задалася, яна намазала 4 разы і ў выніку – 26-ая.

Фрыстайл

У майстроў лыжнай акрабатыкі на Алімпіядзе сёння адбылася кваліфікацыя. З трох беларусаў з першае спробы ў лік 12-ці наймацнейшых здолеў адабрацца толькі Станіслаў Гладчанка. Пасля другога этапу за бартом засталіся алімпійскі чэмпіён Сочы Антон Кушнір і Максім Гусцік. Дарэчы, Кушнір заняў сёмы радок і саступіў усяго 45 сотых балу швейцарцу Мішу Гасэру, які быў шосты і трапіў у фінал.

Лыжныя гонкі

Лыжніцы сёння змагаліся за медалі ў эстафеце, а золата тут дасталася Нарвегіі. Беларусь у гэтым відзе спорту па-ранейшаму ў ролі статыстаў, гэтым разам нашыя дзяўчаты адсталі ад пераможцаў ажно на 6 з паловаю хвіліны і фінішавалі апошнія, 14-ыя.

Гарналыжны спорт

Беларуская спартоўка Марыя Шканава на гэты старт не выйшла, прычына – праблемы з нагою. У агульнакамандавым заліку Беларусь – на 15-ым радку, лідаруе па-ранейшаму Нямеччына, у якой 15 узнагародаў: 9 залатых, два срэбныя і 4 бронзавыя медалі.

Тэніс

Роджэр Фэдэрэр – ізноў першая ракетка свету. Гэта стала вядома пасля таго, як ён дакрочыў да паўфіналу тэніснага турніру ў Ротэрдаме. Ён стаўся самым узроставым лідарам рэйтынгу ў гісторыі: 36-гадовы швейцарац перасягнуў Андрэ Агасі, які ўзначальваў планетарны спіс ва ўзросце 33-ох гадоў.

У 1/4-ай фіналу Фэдэрэр сустракаўся з галандцам Робінам Гаасэ, які ў рэйтынгу АТП на 42-ім радку. У першым сэце Роджэр не здолеў прызвычаіцца да гульні суперніка і саступіў яго з лікам 4:6. Невялікі перапынак пайшоў швейцарцу на карысць, і ўжо ў астатніх дзвюх партыях ён не заўважыў апанента, перагуляўшы яго з аднолькавымі лічбамі 6:1. Матч працягваўся адну гадзіну і 18 хвілінаў, а статыстыка Фэдэрэра наступная: зрабіў 5 брэйкай і 6 эйсаў, а таксама аднойчы памыліўся пры падачы.

Фотаздымак на застаўцы да відэа Reuters