Другі дзень Дня мовы


Зайздросны размах на тле гаротнай рэчаіснасці. Другі дзень Беларусь адзначае Міжнародны дзень роднай мовы, які ў свеце будзе адзначацца толькі заўтра. Пры гэтым ці не ўвесь арганізацыйны цяжар – на плячах грамадскасці. Гэтак, у Берасці сёння адбыўся цэлы шэраг мерапрыемстваў для аматараў роднага слова: адкрыты занятак курсаў «Мова нанова» для дзетак, спектакль, кніжная выстава і імправізаваны кірмаш, а таксама выступы музыкаў і сапраўдная сярэднявечная дыскатэка.

На супрацьлеглым жа краі краіны, у Гомлі, актывісты мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы сёння ўскладалі кветкі да помніка Кірылу Тураўскаму ды рассылалі лісты з падзякаю да тых землякоў-прадпрымальнікаў, якія ўва ўласным бізнесе аддаюць перавагу роднаму слову.

«Ты можаш апрануць спартовы касцюм, але як толькі ты скажаш першую фразу, усе зразумеюць, якая ў цябе адукацыя, з кім ты сябруеш, што ты чытаеш і глядзіш. І мова нас вызначае і робіць нас беларусамі, абʼядновае аднаго з адным. Гэта вылучае нас як нацыю і дае разуменне, якія мы», – кажа Алеся Аўласевіч з Таварыства беларускай мовы.

Працягваюцца святкаванні і ў сталіцы. Гэтак, арганізацыя «Арт-сядзіба» ўласныя мерапрыемствы сёлета сабрала пад агульнай назвай «Каб не ўмёрлі як дыназаўры». Напярэдадні ў менскай прасторы «Мёд» адбыліся адразу і прэзентацыі папулярных беларускамоўных настольных гульняў, і выступы музыкаў, і «Вялікі паэтычны ART JAM».

«З некаторымі падзяліліся файнымі ідэямі, што рабіць далей – у гэтым сакавіку, як файна бавіць час. Чакайце свежых прыдумак на вуліцах гораду і ў рэгіёнах!» – анансуе працяг імпрэзы Алесь Плотка.

І не забывайцеся самыя размаўляць па-беларуску – каб не паўтарыць лёс дыназаўраў!