Доналд Трамп пасварыўся з журналістамі на прэc-канферэнцыі


Крыстафер Стыл, былы працаўнік брытанскіх спецыяльных і дыпламатычных службаў, апошнія 7 гадоў быў сузаснавальнікам вышуковага бюро «ORBIS Business Intelligence» ў Лондане вось у гэтым будынку. Дзе цяпер былы разведчык МІ-6, невядома. Каля офісу прыватнай выведчай фірмы цяпер збіраюцца журналісты, а бізнэс-партнёр Стыла падкрэслена кажа, што нічога не можа сказаць.

«У святле ўсяго, што адбылося за апошні час, не думаю, што для мяне будзе прымальна рабіць цяпер нейкія заявы пра гэтыя падзеі, ці была кампанія »Орбіс« задзеяная ці не, і мы пабачым сітуацыю ў наступныя пару дзён», – зазначыў сузаснавальнік кампаніі Крыстафэр Бэраўз.

Паводле заходніх медыяў, перад прыватным бізнесам Крыстафер Стыл добра зарэкамендаваў сябе, калі пастаўляў у FBI матэрыялы аб карупцыі ў ФІФА – Міжнароднай асацыяцыі футбольных федэрацыяў.

У ліпені ён нібыта пачаў збіраць кампрамат на Доналда Трампа

Аднак у FBI гэтае дасье не ўспрынялі, як вартае ўвагі. У выніку інфармацыя пра магчымы кампрамат трапіла ў розныя медыі. А потым, падкрэсліваючы, што доказаў няма, партал «Базфід» апублікаваў паперы Крыстафера Стыла. Там сцвярджаецца, што каманда Доналда Трампа ўжо каля пяці гадоў супрацоўнічае з расейскімі ўладамі, у тым ліку Уладзімірам Пуціным. Крэмль нібыта перадаваў трампаўцам іншы кампрамат – на Гілары Клінтан, а таксама самому Трампу нібыта прапаноўвалі прыбытковы бізнес у расейскай нерухомасці і долю ў кампаніі «Роснефть». Вішанкай на торце стала абвінавачанне ў відэа парнаграфічнага характару з Трампам і прастытуткамі, якое расейскія спецслужбы нібыта запісалі ў маскоўскім гатэлі ў 2013-м годзе.

Праз гэтую гісторыю Доналд Трамп папросту пасварыўся з журналістамі

На першай прэс-канферэнцыі пасля абрання, Трамп забараніў задаваць пытанні журналістам CNN, якія пісалі, што Трамп і Оўбама мелі адрэдагаваную версію гэтага дасье сумнеўнага паходжання.

«Гэта ганьба, калі пішуць пра фальшывую, несапраўдную інфармацыю, якой ніколі не паказалі грамадскасці… І калі «Базфід», гэтая куча гнілога смецця, публікуе гэта – яны атрымаюць наступствы. Ужо атрымалі. І калі гэта робіць CNN», – заявіў Трамп.

Трамп скончыў прэс-канферэнцыю, праігнараваўшы наўпроставае пытанне, ці меў ён ці ягоная каманда кантакты з Крамлём. У Белым Доме раскрытыкавалі такі спосаб зносінаў з грамадствам.

«Калі цяперашняя адміністрацыя сустракалася з падобнымі абставінамі, нашай рэакцыяй было імкненне даць як мага больш інфармацыі, каб адкінуць прэтэнзіі. Наступная адміністрацыя абаперлася больш на таямніцу, чым на абвяржэнне закідаў, і гэта хутчэй працягне сеяць сумневы ў розумах грамадскасці і, як відаць, у свядомасці некаторых медыя-арганізацыяў», – сказаў прэс-сакратар Белага Дому Джош Эрнэст.

Праўдзівы гэты кампрамат ці поўная выдумка, ён прынёс свой палітычны эфект

Каб заспакоіць сітуацыю, сёння Трамп заявіў, што кіраўнік Нацыянальнай Выведкі ЗША заклікаў яго асудзіць гэты фальшывы дакумент. Таксама каманда Трампа арганізавала наступнаму прэзідэнту сустрэчы з кіраўнікамі кампаніяў, якія сутыкнуліся з выклікамі ў кібер-бяспецы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Reuters