Аб'ектыў 11.08.2017 «Добрая хрюшка» захварэла на чуму. Эпідэмія вярнулася?


Тое, што вакол свінакомплексу каля вёскі Зялёныя Лукі на Гомельшчыне адбываецца нешта нядобрае, медыі даведаліся некалькі дзён таму. Гэтак, у аўторак непадалёк жывёлагадоўчага абʼекту невядомы абліў хімічным рэчывам журналіста Кастуся Жукоўскага, які намагаўся спраўдзіць інфармацыю аб эпідэміі чумы свіней.

Журналісты паспрабавалі паўторна наведаць ферму «Добрая хрюшка»

Як выявілася, міліцэйскі кардон заблакаваў ужо не толькі, як мінулым разам, галоўную дарогу, што вядзе на абʼект. Комплекс літаральна ачэплены міліцыяй. Працаўнікі МУС дзяжураць нават у лесе. Ніякіх папераджальных знакаў няма.

Ніякай інфармацыі атрымаць не ўдалося, таму журналісты былі вымушаныя звярнуцца па дапамогу да мясцовых жыхароў. Падазрэнні, што «Добрая хрюшка» можа быць ужо не такая добрая, пацвердзілі ў вёсках Зялёныя Лукі ды Астравы.

«З мяне ўзялі распіску, што я не трымаю свіней».

«У мяне тут трусікі, а мне сказалі, што непажадана каб яны былі».

– сведчаць мясцовыя жыхары.

На ферме адбываюцца падазроныя падзеі

«А 10-й гадзіне ўвечары ўвесь час вішчалі свінні. Я кажу суседцы: можа хто крадзе? Раніцою было тое самае».

«Я бачыў, што туды і міліцыя ездзіла і пажарная. А што там здарылася?»

– адрэагавалі на журналістаў «Белсату» тутэйшыя вяскоўцы.

Гэтым пытаннем устурбаваныя жыхары навакольных вёсак. У мясцовым сельскім выканаўчым камітэце пытанні пра чуму свіней абмінаюць. Кіраўніца справамі сельвыканкаму Таццяна Песня тлумачаць, што валтузня вакол абʼекту можа быць звязаная з тым, што «там буферная зона, там свае правілы».

Свінаферму ўжо наведвала чума свіней?

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што тут зарэзалі каля 7000 жывёлінаў.

«Мы бачылі густы дым. Два дні палілі. Ноч і дзень. Свіней было шмат. Казалі, што свінаматкі пападалі», – распавяла суразмоўца «Белсату» Валянціна Сцяпанава.

Як і звычайна, сітуацыя вакол небяспечнай эпідэмія мае статус дзяржаўнай таямніцы.

Сітуацыя ў суседзяў Беларусі таксама неспрыяльная

Днямі ў Літве ў Шальчынінкайскім раёне, то бок на самай мяжы з Беларуссю, выявілі 6 асяродкаў афрыканскай чумы свіней. Беларускі бок з каментарамі не спяшаецца.

Упершыню наяўнасць небяспечнай эпідэміі ў Беларусі афіцыйна прызналі ў 2013-ым годзе. Да гэтага ўлады Беларусі намагаліся схаваць выпадкі хваробы. Грамадскасць даведалася пра іх дзякуючы працы незалежных медыяў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Alex Grimm / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары