Аб'ектыў 01.03.2017 Для расейцаў захоп Крыму больш важны, чым палёт Гагарына


Больш значнае, чымся палёт Гагарына ды роля Расеі ў асваенні Космасу. Нашыя ўсходнія суседзі паставілі далучэнне Крыму на другое месца ў спісе падзеяў і зʼяваў, якія выклікаюць пачуццё гонару за краіну. Пра гэта сведчыць апошняе апытанне «Левада-цэнтру»: сярод 1 600 апытаных расейцаў 43 % ганарацца з акупацыі ўкраінскага паўвострава.

Але ёсць і тыя, каму сорамна за падзеі трохгадовай даўніны. Гэтак, напярэдадні з дзясятак грамадзянаў Расеі выйшлі да расейкай амбасады ў Варшаве, каб пратэставаць супраць акупацыі паўвострава ды патрабаваць вярнуць Крым Украіне.

За тры гады анексіі Крыму Расеяй паўвостраў пакінулі больш за 20 тысячаў крымскіх татараў. Больш за трыццаць прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці застаюцца за кратамі. Адначасова расейскія ўлады працягваюць ціснуць на тых, хто не пакінуў радзімы. Гэтак, на мінулым тыдні ў Сімферопалі праваахоўнікі арыштавалі дзесяць татараў, якія здымалі ператрусы ў актывіста Марлена Мустафаева.

Акцыі, прымеркаваныя да трэцяй гадавіны з дня акупацыі Крыму Крамлём, за апошнія дні прайшлі ў Варшаве, Кіеве, Херсоне, Анкары, Парыжы ды іншых гарадах свету. Гэтак, у дзень супраціву Крыму расейскай акупацыі 26 лютага актывісты з грамадскай арганізацыі Сетка народнай дыпламатыі «Global Ukraine» правялі пад Эйфэлевай вежай у французскай сталіцы акцыю «Крым – гэта Украіна».

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары